Да агульнабеларускага страйку далучыўся рэжысёр і выкладчык Антон Грышкевіч
Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і ў адмысловай заяве, якую падаў адміністрацыі Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, дзе працуе апошнія 4 гады.
Паводле Антона Грышкевіча, ён больш не хоча назіраць, як навучальная ўстанова ператвараецца ў ідэалагічны інструмент, дзе навучэнцаў амаль не магчыма выхаваць свабоднымі людзьмі:
– Як бы я не хацеў быць вольным мастаком, рэжысёрам, я ж педагог. Наступае момант, калі ты разумееш: не, трэба рабіць крок з гэтага балота, рабіць самому… У нас скралі выбар – выбары. І я вырашыў вярнуць выбары сабе – хаця б выбраўшы для сябе такі ўчынак.
Антон Грышкевіч добра ўсведамляе, што яго могуць звольніць з працы, звінаваціўшы ў прагулах. Але ён кажа, што не вернецца на працу, пакуль не будуць выкананы ягоныя патрабаванні: адстаўка Лукашэнкі, вызваленне палітвязняў, спыненне гвалту з боку МУС і расследаванне ўсіх злачынстваў супраць беларускага народу.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск