Да брата палітзняволенай Наталлі Хершэ прыйшлі з ператрусам сілавікі
Генадзь Касьян жыве ў Маладзечне. 25 траўня ў 3 гадзіны дня да яго прыехала следчая група на чале з начальнікам крымінальнага вышуку. Яны паказалі пастанову пра узбуджэнне крымінальнай справы па 341-м артыкуле.
«Нібыта я размаляваў Дом быту ў Маладзечне. Гэта поўная лухта. Яны правялі ў маёй кватэры ператрус, нічога не знайшлі. Шукалі фарбы, балончыкі, патроны, зброю. Прапанавалі аддаць тэлефон і паказаць графічны ключ да яго. Тэлефон яны забралі і апячаталі. І вось сказалі чакаць выкліку ў аддзел да следчага.
Гэта псіхалагічны ціск, магчыма, за тое, што я даю каментары ў незалежных СМІ аб сястры Наталлі. Каб мяне запалохаць. Я не ведаю, што яны мне могуць прад’явіць па гэтым абвінавачванні, так як я рэальна ў гэтым я ня браў удзел. Хіба што сфабрыкаваць», — кажа Генадзь.
Таксама Генадзь распавёў, што з сястрой у яго няма сувязі ўжо тры тыдні — ні лістоў, ні званкоў, хоць раней яны былі рэгулярнымі. Ён думае, што Наталля ў ШІЗА за тое, што адмовілася шыць форму сілавікам.