Да двух гадоў калоніі асудзілі адміна тэлеграм-чата „Минск. Перекрытие дорог. Чат”



У судзе Першамайскага раёна Менска 24 траўня асудзілі на 2 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адміністратара тэлеграм-чата „Минск. Перекрытие дорог. Чат” 26-гадовага Д. Сінкевіча.

Яго абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам інструктавання людзей па перакрыцці руху транспарту ў Менску па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч.

Паводле версіі абвінавачвання, Сінкевіч у перыяд з 31 жніўня да 30 кастрычніка 2020 года, з’яўляючыся адміністратарам Telegram-чата „Минск. Перекрытие дорог. Чат”, размяшчаў у ім артыкулы з інструкцыямі па перакрыцці руху транспарту. Акрамя гэтага, як сцвярджае дзяржаўны абвінаваўца, ён займаўся пошукам асоб для супрацьпраўных дзеянняў і непасрэдна імі кіраваў.

Суд Першамайскага раёна прызнаў Сінкевіча вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

spring96.org