Да галадоўкі актывістак „Матчынага руху” плануюць далучыцца жыхары абласных цэнтраў
Да бестэрміновай галадоўкі, арганізаванай грамадскай ініцыятывай „Матчыны рух 328”, плануюць далучыцца сваякі асуджаных па „наркатычным артыкуле” з абласных цэнтраў Беларусі.
Магіляўчанка Таццяна, якая прыехала ў Менск падтрымаць актывістаў руху, якіх прымаюць у Адміністрацыі прэзідэнта, распавяла журналістам, што 2 траўня да ўдзельнікаў галадоўкі ў Пухавіцкім раёне далучацца два чалавекі з Магілёва. 3 траўня галадоўку пачнуць восем чалавек у Віцебску, а таксама людзі ў Гародні — іх колькасць пакуль невядомая. Яшчэ два чалавекі ў хуткім часе пачнуць галадоўку ў Гомелі.
На думку Таццяны, улады павінны адрэагаваць на просьбы бацькоў змякчыць пакаранне па артыкуле 328 КК, па якім асуджаныя іх дзеці. „Бацькі слёзна просяць — дастаткова двух-трох гадоў. Так, яны правініліся, так, мы — бацькі вінаватыя, але тэрмін два-тры гады — гэта максімум. Трэба падаваць дзецям шанец. У многіх з іх добрая характарыстыка, яны ніколі не прыцягваліся да адміністрацыйнай, крымінальнай адказнасці. Ніколі нават не былі ў апорным пункце міліцыі. Гэта маладое пакаленне, генафонд краіны, славянскай нацыі. Наша моладзь павінна рабіць нам унукаў, а мы чакаем іх. Ці дачакаемся?” — сказала магіляўчанка.
Яна сцвярджае, што многіх асуджаных па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса аператыўнікі спецыяльна падводзілі пад больш суровыя яго часткі. „Аператыўнікаў не цікавіць 1-я і 2-я часткі артыкула, толькі 3-я і 4-я, таму што ў іх план. Арыштаваных правакуюць на супрацоўніцтва са следствам, прымушаюць „здаваць” па шэсць-сем часам незнаёмых чалавек, пагражаючы ў адваротным выпадку прыпісаць якія-небудзь эпізоды і падвесці пад 3-ю і 4-ю часткі артыкула”, — заявіла магіляўчанка.
У Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі 2 траўня праходзіць сустрэча з актывісткамі „Матчынага руху 328” — удзельніцамі бестэрміновай галадоўкі, якія патрабуюць змякчэння пакарання па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).
Сустрэча пачалася каля 16 гадзін. Для ўдзелу ў ёй прыбылі сем жанчын, якія арганізавалі галадоўку ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Каля будынка адміністрацыі іх чакаюць каля 30 чалавек групы падтрымкі, сваякі асуджаных па арт. 328, журналісты.
Фота: „Гомельская Вясна”