Да галадоўкі праваабаронца далучыўся актывіст прафсаюза РЭП
Актывіст прафсаюзу РЭП, былы “афганец” Аляксандр Сахарук з Берасця, даведаўшыся пра галадоўку праваабаронца, сябра Руху “За свабоду” Сяргея Вакуленкі, вырашыў у знак салідарнасці далучыцца да галадоўкі на 7-10 дзён.
Падчас галадоўкі ён будзе піць толькі ваду, кажа Аляксандр Сахарук:
– На сабе выпрабаваў усё хараство дэкрэту №29. У 2012 годзе наймальнік прыцягваў карную псіхіятрыю да барацьбы з супрацоўнікам, які не меў дысцыплінарных парушэнняў. Я падымаў пытанні пра ахову працы і аплату працы. У знак салідарнасці з Вакуленкам Сяргеем Мікалаевічам таксама аб’яўляю з заўтрашняга дня ад 8:00 – спыняю прыём ежы.
Нагадаем, што з 25 ліпеня рабочы прыватнага прадпрыемства “Дэльта-Буг” Сяргей Вакуленка аб’явіў сухую галадоўку ў знак пратэсту супраць не працягнення ганебнага кантракта. Кантракт, які даў неабмежаваныя паўнамоцтвы кіраўніку прадпрыемства ці ўстановы і парушыў правы работніка, уступіў у дзеянне 26 ліпеня 1999 года, то бок 20 гадоў таму.
Беларускае Радыё Рацыя