Да канца 2018 года беларусы будуць аплачваць 100% „камуналкі”
Да канца 2018 года плануецца перайсці на поўную кампенсацыю тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтвам. Пра гэта на Прэзідыуме Савета міністраў, на якім абмяркоўваўся праект праграмы дзейнасці ўрада на 2016-2020 гады, заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.
„Зніжэнне выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2016 годзе запланавана на 15% і далей да 2020 года па 5% штогод. Кампенсацыю тарыфаў на ЖКП насельніцтвам плануецца ажыццявіць у тры этапы: канец 2016 года — выхад на 50% кампенсацыі выдаткаў, канец 2017 года — на 75%, да канца 2018 года — на 100%”, — адзначыў Уладзімір Зіноўскі.
Адначасова павінна адбывацца зніжэнне сабекошту камунальных паслуг і перакрыжаванага субсідавання, рост адраснай сацыяльнай падтрымкі.
Сістэмнай задачай 2016 года Зіноўскі назваў укараненне мэтавых адрасных безнаяўных субсідыяў на аплату жыллёва-камунальных паслуг.