Да канца года колькасць станцый Менскага метрапалітэна з бясплатным Wi-Fi павялічыцца да 12-ці



Да канца года колькасць станцый Менскага метрапалітэна з бясплатным Wi-Fi — доступам у інтэрнэт дасягне дванаццаці, паведаміў 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар інтэрнэт-аператара „Дзелавая сетка” Павел Аляксеенка.

Ён адзначыў, што „Дзелавая сетка” пашырае зону пакрыцця сеткі Free Wi-Fi Minsk у метрапалітэне. Раней да бясплатнага Wi-Fi можна было падключыцца толькі на станцыях метро „Купалаўская” і „Кастрычніцкая”. Да пачатку II Еўрапейскіх гульняў інтэрнэт-аператар запусціў Wi-Fi яшчэ на шасці станцыях метро: „Пятроўшчына”, „Плошча Леніна”, „Уручча”, „Няміга”, „Першамайская”, „Аўтазаводская”.

Метрапалітэн складаецца з дзвюх ліній з 29 дзейнымі станцыямі. Да канца года „Дзелавая сетка” плануе запусціць бясплатны Wi-Fi яшчэ на чатырох станцыях метро — „Акадэмія навук”, „Плошча Якуба Коласа”, „Маскоўская” і „Каменная Горка”.

„Такім чынам, да канца 2019 года бясплатным Wi-Fi будзе ахоплена дванаццаць станцый Менскага метрапалітэна”, — адзначыў Аляксеенка.

Таксама, паводле яго слоў, бясплатны Wi-Fi з’явіўся ў аўтобусах маршруту 300э — з Нацыянальнага аэрапорта Менск у сталіцу.

Free Wi-Fi Minsk — гэта гарадская грамадская сетка бясплатнага Wi-Fi па ўсім Менску. Сетка аб’ядноўвае каля 100 лакацый, у тым ліку метро, буйныя гандлёвыя цэнтры, кавярні, банкі і запраўкі.

Каб падключыцца да Free Wi-Fi Minsk, трэба аднакратна аўтарызавацца па нумары тэлефона. Гэта значыць, што на тэлефоне павінен быць падключаны роўмінг для атрымання SMS. Партал аўтарызацыі да Wi-Fi даступны на трох мовах: рускай, англійскай і беларускай.

Сачыць за картай лакацый Free Wi-Fi Minsk можна на сайце freewifiminsk.by.

belapan.by