Да мемарыялу ў Хайсах зааралі дарогу



Самаробны мемарыял каля вёскі Хайсы створаны ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Мясцовыя  старажылы прыгадваюць, што ў бліжэйшым лесе ў 1937-38 гадах адбываліся расстрэлы. У 2014-м годзе там знайшлі чалавечыя парэшткі – косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі. Але ні раённыя, не абласныя ўлады не прызнаюць гэтае месца масавым пахаваннем. І сёлета, узараўшы поле ўзбоч самаробнага мемарыяла, мясцовае сельгаспрадпрыемства  заарала  і дарогу, па якой можна было дабрацца да расстрэльнага месца, распавёў кіраўнік ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” Ян Дзяржаўцаў:

– Мы пісалі заяву ў пачатку сакавіка – калі будуць сеяць, каб не заворвалі дарогу. Гэта ўжо не першы год так. Мы ўжо 5 год  змагаемся з кіраўніцтвам прадпрыемства “Мазалава-Газ”, бо яму належаць гэтыя землі. Але яны нас не слухаюцца.

Сёлета на Радаўніцу ўдзельнікі ініцыятывы не ладзілі масавага выезду на месцы расстрэлаў, як бывала раней,  – бо гэтага не дазваляе эпідэміялагічная сітуацыя. Але звесткі пра заараную дарогу прывезлі тыя,  хто паехаў ушанаваць памяць расстраляных паасобку. Ян Дзяржаўцаў мяркуе, што наступным крокам мусіць быць асабістая размова з кіраўніцтвам прадпрыемства “Мазалава-Газ”. Але ўжо пасля скаргі ў пракуратуру на тое, што пісьмовага адказу на просьбу грамадскасці так і не далі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск