Да пратэстаў супраць Дэкрэта №3 далучаюцца новыя гарады



„Маршы недармаедаў” працягваюцца па краіне – паведамляе лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Да пратэстаў супраць дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» далучаюцца ўсё новыя гарады.

Адметнасць – гэта не самыя буйныя беларускія цэнтры – кажа палітык:

– Пятніца а 18-й гадзіне – цэнтральная плошча Маладэчна. На наступны дзень у суботу а 12-й гадзіне – на плошчы Леніна ў Пінску. І ў нядзелю два маршы – а 12-й у Бабруйску, і а 16-й гадзіне – у Рагачове. Цікава тым, што гэта не абласныя цэнтры, не Менск, а невялікія па памеры гарады, і гэта новы цікавы досвед.

Улады Беларусі паспешліва спрабуюць знізіць сацыяльную актыўнасць насельніцтва, звязаную з прымяненнем Дэкрэта №3 „Аб сацыяльным утрыманстве” – паведамляюць беларускія праваабаронцы. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя метады: запалохванні і папярэджванні, штрафы і арышты, змяшчэнне ў псіхіятрычную лякарню, затрыманні і ператрусы – чытаем на сайце «Правабарончага цэнтра «Вясна».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя