Да супрацоўнікаў НДТРК, якія бастуюць каля тэлецэнтра, звярнуліся вядомыя палітыкі і грамадскія лідары



Супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі (НДТРК), якія бастуюць каля тэлецэнтра на вуліцы Макаёнка, прыехалі падтрымаць вядомыя палітыкі і грамадскія лідары.

Экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прызнаўся, што ў яго „ніколі не было любові да БТ”. „Мяне, праўда, паказвалі — як наёмніка, калі заўгодна, але дзякуй і за гэтыя сюжэты, — адзначыў ён. — Але ў мяне заўсёды была любоў да свабоды слова <…> Давайце ўспомнім Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку, Генадзя Карпенку, вашага калегу Дзмітрыя Завадскага. У іх забралі самае галоўнае — жыццё. Можна дараваць многае — недахопы ў знешняй палітыцы, эканоміцы. Але ніхто нікому і ніколі не даруе тое, што забралі чужое жыццё. У нас і цяпер забралі жыцці — мы ведаем два прозвішчы (баюся, іх будзе больш). Тысячы людзей прайшлі праз здзекі. Я ўпэўнены, што абавязкова будзе трыбунал — міжнародны, людскі. Але ён будзе. Гэта трэба нам, каб ачысціцца самім”.

„Думаю, што не трэба вам цяпер пісаць заявы на звальненне, — сказаў Лябедзька. — Заявы павінны напісаць тыя, хто засеў у кіруючых кабінетах гэтых будынкаў. Гэта павінна быць патрабаваннем не толькі працоўнага калектыву, але і ўсёй Беларусі. У іх няма ніякага маральнага права прымаць вашы заявы, вы павінны прыняць заявы ад іх”, — дадаў ён.

Лябедзька выказаў надзею, што на Белтэлерадыёкампаніі „будуць прафесіяналы і праўда, незалежна ад таго, хто прыйшоў ва ўладу, якая партыя перамагла”. „Людзям трэба самае галоўнае — чалавечая годнасць і праўда. Вялікая павага да тых работнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія сёння тут. Спадзяюся, гэта толькі пачатак, што да вас прыйдуць і тыя, хто яшчэ сумняваецца. За намі праўда і будучыня”, — заявіў ён.

Палітык і паэт Уладзімір Някляеў нагадаў пра часы, калі Дзяржтэлерадыё БССР узначальваў Генадзь Бураўкін і тэлебачанне было па-сапраўднаму беларускім. „Працаўнікі тэлебачання, якія выйшлі на забастоўку, зрабілі вялікую справу”, — сказаў Някляеў і заклікаў іх не звальняцца. „Праўда толькі тады становіцца праўдай, калі пра яе даведваецца народ, і вы гэта проста абавязаны зрабіць”, — падкрэсліў палітык.

Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі прафсаюзаў і член адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы Аляксандр Ярашук заклікаў супрацоўнікаў НДТРК, якія бастуюць, стварыць „страйкавы камітэт”. „Нельга спыняцца, інакш гэты нечалавечы рэжым не пакіне ад нас мокрага месца, таму толькі да перамогі, да самага канца. Пакуль той, хто да гэтага часу не разумее, што адбываецца, і хлусіць, не сыдзе”, — сказаў прафлідар.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў прызнаў, што пакуль у прыхільнікаў перамен „няшмат перамог”. „Мы часткова вярнулі сабе права быць на вуліцы, хадзіць пад нацыянальнай сімволікай, але гэта, мяркую, часова. Калі мы далей не аб’яднаемся, будзе рэакцыя і будуць бітыя, звольненыя абсалютна ўсе нязгодныя”, — перакананы ён.

Барысаў заклікаў тэлевізіёншчыкаў не звальняцца і ствараць „страйкавыя камітэты”, а таксама прапанаваў падаць кіраўніцтву НДТРК заявы аб неадкладным прадстаўленні эфіру грамадска-палітычным лідарам для інфармавання аб цяперашняй сітуацыі ў Беларусі.

Старшыня АГП Мікалай Казлоў выступіў як давераная асоба Святланы Ціханоўскай, завіўшы, што сёння яна „адзіны легітымны прэзідэнт, якога мы абралі”. „Доўгі час вы былі інструментам у руках Лукашэнкі, — сказаў ён. — Дзякуй богу, цяпер усё мяняецца, прыйшоў час мяняцца. Паглядзіце, якая салідарнасць у беларусаў. Мы вам дапаможам, вы не адны”.

„Хацеў бы сказаць як у мінулым супрацоўнік крымінальнага вышуку, звярнуцца ў тым ліку да кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, да сілавікоў: ніхто не сыдзе ад адказнасці, будзе трыбунал, усе, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях, абавязкова паўстануць перад судом, ніхто не схаваецца”, — дадаў лідар АГП.

belapan.by