Да ўдзельніц галадоўкі ініцыятывы „Маці 328” далучылася яшчэ адна актывістка



Да галадоўкі актывістак ініцыятывы „Маці 328”, якая пачалася 11 чэрвеня ў Пухавіцкім раёне (Менская вобласць), далучыўся яшчэ адзін чалавек, паведаміла БелаПАН удзельніца акцыі пратэсту Ала Берналь.

Раніцай 22 чэрвеня да трох жанчын, якія галадаюць ад пачатку акцыі, далучылася Ларыса Жыгар. „Як і мы, яна настроеная галадаць да канца”, — адзначыла Берналь.

„Паехаў ад нас Стас Цыбінскі, які некалькі дзён падтрымліваў нас у галадоўцы. Яму трэба на працу, акрамя таго, ён ужо траціў прытомнасць, і ўрачы параілі яму выйсці з галадоўкі. Яшчэ адна з мам, Святлана Віткоўская, якая галадала з намі тры дні, учора паехала дадому ў Берасце”, — паведаміла актывістка.

Паводле яе слоў, напярэдадні, 21 чэрвеня, удзельніц галадоўкі наведалі старшыня Пухавіцкага сельсавета і кіраўнік Пухавіцкага райвыканкама. „Пацікавіліся нашым здароўем. Спыталі, што нам трэба, і сказалі, што калі патрэбная нейкая дапамога, каб мы звярталіся”, — паведаміла Берналь.

„Сёння раніцай нас зноў наведвалі дактары, вымералі ціск — ён, вядома, падае. Людміла Кулініч адмовілася ад шпіталізацыі ў пісьмовай форме”, — адзначыла актывістка.

Такім чынам, на гэты момант галадоўку трымаюць чатыры чалавекі. Чакаецца, што найбліжэйшымі днямі да іх далучацца яшчэ некалькі сваякоў асуджаных паводле арт. 328 КК.

Галадоўка пачалася 11 чэрвеня. Удзельніцы акцыі — родныя асуджаных паводле арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) — патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, карэктавання антынаркатычнага артыкула і перагляду крымінальных спраў.

Яшчэ адна група сваякоў асуджаных на падставе арт. 328 КК перадала раніцай 21 чэрвеня ў Палату прадстаўнікоў два звароты. У першым утрымліваецца патрабаванне поўнай амністыі ўсіх непаўналетніх, асуджаных паводле гэтага артыкула. Другі тычыцца вынесеных прысудаў. „Вельмі абураныя тым, што да гэтага часу не былі прынятыя меры для ўрэгулявання напружанай сітуацыі з нагоды пытання несправядлівых прысудаў у кваліфікацыі судамі паводле ч. 4 арт. 328. Артыкул прадугледжваўся для стваральнікаў крам і лабараторый, а не для шараговых кур’ераў”, — гаворыцца ў звароце. Яго аўтары таксама патрабуюць тэрмінова перагледзець падыходы па прымяненні ч. 4 арт. 328 КК.

belapan.by