Да Вячаслава Сіўчыка не пускаюць адваката



У турму на Акрэсціна лідар Руху Салідарнасці «Разам» адбывае 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасці, што прайшла 1 траўня ў Менску. Падчас суда Вячаслаў Сіўчык абвясціў галадоўку супраць умоў утрымання ў турме на Акрэсціна.

Як распавяла маці палітыка Галіна Сіўчык, адвакату ўжо некалькіх дзён адмаўляюць у сустрэчы з Вячаславам Сіўчыкам, а ў сувязі з аб’яўленай галадоўкай яна баіцца за здароўе сына.

Учора таксама не пусцілі адваката. Яна сёння яшчэ не хадзіла, бо на судзе, але будзе надалей дамагацца сустрэчы з ім. Мы нічога не ведаем. У мяне ўвогуле нейкае нядобрае адчуванне. Яго, відаць, катуюць, збіваюць і не хочуць, каб бачылі гэта. Калі тры дні галадоўкі было, то і не было так заўважна. Чаго не дапускаць?

Вячаслаў Сіўчык з турмы на Акрэсціна павінен выйсці на волю 18 траўня. Апошнім часам адвакатаў не пусцілі таксама і да палітыкаў Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева, якія таксама адбывалі на Акрэсціна кароткатэрміновыя адміністрацыйныя арышты. У сувязі з гэтым старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў зварот да генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка. Праваабаронца лічыць, што гэта «сведчыць пра грубыя парушэнні законных правоў асобаў, якія былі падвергнутыя адміністрацыйным спагнанням у выглядзе кароткатэрміновага пазбаўлення волі (адміністрацыйным арыштам), а менавіта права на абарону».

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя