Да юбілею Алеся Кроя
Сябру агульнанацыянальнай Рады Таварыства беларускай мовы, гарадзенскаму актывісту Алесю Крою споўнілася 60. Сваю працу на грамадскіх пачатках ён прысвячае працы па пашырэнні і захаванні беларускай адукацыі пры вельмі негатыўных варунках яе існавання ў Беларусі. Дзякуючы яго ўкладу, гарадзенскі аддзел адукацыі стварыў пры двух расейскіх школах №32 і 34 патокі класаў з беларускай мовай навучання. І штогод фармуюцца, хоць і невялікія, але дзейсныя беларускія класы.
Кажа Алесь Крой:
– Ёсць каштоўныя прычыны, па якіх бацькі аддаюць сваіх дзяцей. Гэта звычайна невялікая частка беларусаў, якія, сапраўды, уяўляюць беларускую гісторыю, ведаюць адкуль іх род. Але большасць людзей каштоўнасці мовы, гісторыі, культуры сваёй краіны да канца не разумеюць. Ім больш патрэбны нейкія практычныя прычыны. Гэтыя практычныя прычыны мы таксама распрацавалі і даводзім да бацькоў, да адміністрацыі.
Апошні час Алесь Крой прысвяціў шмат працы па мемарыялізацыі памяці акадэміка Яўхіма Карскага. Створаны адмысловы прыпынак у вёсцы Мігова Гарадзенскага раёна, дзе супыняўся акадэмік, ствараецца памятны знак, а таксама існуе вуліца, якая носіць яго імя ў ваколіцах. Гарадзенская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы віншуе юбіляра. З найлепшымі зычэннямі далучаецца і нашае Беларускае Радыё Рацыя.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя