Да журналістаў сайта „Сильные новости” таксама прыходзілі сілавікі (абноўлена)
Ва ўсіх журналістаў гомельскага сайта «Сильные новости» падчас ператрусаў канфіскавана тэхніка, самі супрацоўнікі на волі. Вечарам 9 ліпеня ператрусы прайшлі ў заснавальніка і супрацоўнік рэдакцыі Пятра і Паўла Кузняцовых, Ганны і Дзяніса Якштаса, Юрыя Глушакова, Кацярыны Тэліман, Аляксея Шкурава, Ірыны Вольскай, Наталлі Суславай, Сняжаны Пагодзінай (працуе ў Жлобіне), а таксама ў начальніка рэкламнага аддзела Яўгеніі Крэшчук і ў памяшканні рэдакцыі.
Вядома аб канфіскацыі тэхнікі ў гомельскага карэспандэнта газеты «Народная воля» Анатоля Гатоўчыца.
* * *
Да трох журналістаў і кіраўніка рэкламнага аддзела гомельскага сайта „Сильные новости” таксама прыйшлі сілавікі, паведаміў яго заснавальнік Пётр Кузняцоў.
„На гэты момант вядома, што прыйшлі да Ганны і Дзяніса Якштаса (Ганна — галоўрэд „Сильных новостей”, Дзяніс — журналіст), журналіста „Сильных новостей” Ірыны Вольскай, кіраўніка рэкламнага аддзела Яўгеніі Крашчук. Днём быў вобшук у бабулі Ганны Якштас — Аня там прапісаная”, — напісаў Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале.
Рэдакцыя паведаміла, што міліцыя прыйшла таксама да журналістаў „Сильных новостей” Наталлі Суславай, Юрыя Глушакова, Сняжаны Пагодзінай і Кацярыны Тэліман, „праходзяць вобшукі, канфіскоўваюць тэхніку”. У сямейнай пары Якштас канфіскаваныя тэхніка і тэлефоны, муж і жонка на волі. У 20.06 з’явілася паведамленне, што прыйшлі і да Пятра Кузняцова.
Паводле падлікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, за апошнія два дні праведзена не менш за 29 вобшукаў у журналістаў і ў рэдакцыях СМІ. Сем прадстаўнікоў мас-медыя затрыманыя. Усяго не на волі знаходзяцца 32 журналісты.