Дабрачынная акцыя ад гарадзенскага хоспіса
Чацвёртага лютага ўвесь свет будзе адзначаць Дзень змагання з анкалагічнымі захворваннямі. З мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы раку і неабходнасці прафілактыкі гэтага страшнага захворвання, Гарадзенскі дзіцячы хоспіс ладзіць дабрачынную акцыю “Дзіцячыя сэрцы – пра недзіцячыя праблемы”.
Дзеці, якія знаходзяцца пад апекай хоспіса, разам з вучнямі адной з гарадзенскіх гімназій прыгатуюць печыва ў форме сэрцаў і пачастуюць ім наведнікаў кавярні “Рандэву”. Расказвае дырэктарка хоспіса Вольга Шульга:
– Мы хочам прыцягнуць увагу людзей да праблем анкалогіі. Бо гэта хвароба, якая выходзіць на найбольшыя паказальнікі смяротнасці сярод насельніцтва Беларусі. І гэта вельмі турбуе нас, спецыялістаў. Мы б хацелі, каб людзі больш звярталі ўвагі на сваё здароўе, звярталіся да лекараў, а апошнія, у сваю чаргу, клапаціліся б пра людзей, выяўлялі анкалогію на яе ранніх стадыях, бо на апошніх ім складана штосьці зрабіць.
Гарадзенскі дзіцячы хоспіс дзейнічае у горадзе ўжо амаль восем гадоў. Пад яго апекай знаходзяцца 76 сем’яў з цяжка і невылечна хворымі дзецьмі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота grodno24.com