Дабрачынная экскурсія па Віцебску ад курсаў „Мова нанова”



Чарговыя заняткі курсаў прайшлі не ў памяшканні, а на вольным паветры: вядоўцы прапанавалі гараджанам наведаць дабрачынную беларускамоўную экскурсію па гістарычных мясцінах абласнога цэнтру. Яе кошт быў сімвалічны – усяго 1 рубель, але ахвотныя маглі заплаціць і болей, бо ўсе сабраныя сродкі арганізатары вырашылі перадаць прытулку для бадзяжных жывёлаў.

Выкладчыца кафедры гісторыі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту Юлія Бахір падрыхтавала і правяла экскурсію бясплатна:

– Гэта грамадская ініцыятыва – збор сродкаў для прытулку. Мне прапанавалі, і я з радасцю пагадзілася. Маршрут цікавы для ўсіх слухачоў, на нашым маршруце, можна сказаць, самыя цікавыя месцы, знакавыя для Віцебску, – тое, што ўсім знаёмае, але крышачку і незнаёмага. Віцебскі прытулак для бадзяжных жывёлаў – установа дзяржаўная, але дзяржаўнага фінансавання ўжо даўно бракуе, каб утрыманне гадаванцаў было годным. Часта грошай не хапае на самае неабходнае – медыкаменты і ежу, таму гараджане часта ладзяць акцыі на падтрымку прытулку.

Курсы “Мова нанова” і раней далучаліся да гэтай ініцыятывы. Але экскурсія з ахвяраваннем сродкаў – гэта новы фармат, кажа вядучая курсаў Таццяна Дубоўская:

– Мы здымалі беларускамоўныя відэаролікі, агітавалі гараджан звярнуць увагу на братоў нашых меншых. Збіралі ежу, рэчы, а вось грошы збіраем упершыню. Можа, гэта будзе не такая вялікая сума, але дапамагаць заўсёды варта! І часам нават невялікія грошы бываюць вельмі патрэбныя ў пэўны момант.

Дабрачынныя экскурсіі дзеля падтрымкі прытулку сталі ў Віцебску традыцыйнымі: іх пачалі праводзіць розныя ўстановы і грамадскія ініцыятывы, і за апошнія два месяцы ў горадзе прайшлі ўжо тры імпрэзы такога фармату.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя