Дадатак беларусаў стаў лідарам сярод бясплатных гульняў у App Store



Дадатак  UNICORN 3D – «размалёўка» з дапамогай лічбаў, распрацаваная беларусамі, захапіла першы радок рэйтынгу бясплатных гульняў App Store ў некалькіх краінах, у тым ліку ў ЗША, Расеі, Швецыі і Беларусі.

Выдавец гульні – AppsYouLove, які належыць ангельскай кампаніі MODERNO DESIGN LP, створанай беларусамі Ігарам Стуканавым і Дзмітрыем Карнеем.

Паводле дадзеных на 4 лютага гульня займала першы радок у амерыканскім App Store ў катэгорыі «бясплатныя гульні» і другую – у агульным рэйтынгу бясплатных прыкладанняў, знаходзячыся паміж YouTube і Instagram.

У Расеі – адпаведна, першую і восьмую пазіцыю (апярэджваючы афіцыйны дадатак «Укантакце»). У Беларусі UNICORN 3D размясцілася на першым месцы сярод бясплатных гульняў і на 9-м сярод усяго топа бясплатных праграм.

Акрамя таго, у шэрагу краін, напрыклад, у Італіі, Балгарыі і Украіне UNICORN 3D ўвайшла ў тройку самых папулярных бясплатных гульняў.

UNICORN 3D – гэта трохмерная «размалёўка па нумарах». Карыстачу прапануюць бясколерныя аб’ёмныя фігуры жывёл, раслін або прадметаў, разбітыя на пікселі. Кожны квадрат пазначаны нумарам, якому адпавядае свой колер. У працэсе гульні належыць размалёўваць фігуры па загадзя нарыхтаванай схеме.

Гульня бясплатная для карыстальніка, аднак у ёй ёсць магчымасць даплаціць за «поўны доступ», у якім больш малюнкаў і няма рэкламы. Такая версія каштуе 9,99 даляраў на тыдзень.

tut.by