ДАІ ладзіць акцыю „Зімовыя шыны для бяспекі машыны!”
У Беларусі дзяржаўная аўтаінспекцыя (ДАІ) праводзіць агульнанацыянальную акцыю „Зімовыя шыны для бяспекі машыны!”. Да 16 студзеня пераход з летняй на зімовую гуму мае рэкамендацыйны характар, але ад 16 студзеня пачынае дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі, які забараняе ў зімовы час выкарыстоўваць транспартны сродак на летняй гуме.
У сувязі з гэтым на аўтастанцыях назіраецца вялікі попыт. Уладальнік станцыі тэхнічнага абслугоўвання (СТА) з Пінску Аляксей Корбан распавёў, што працаваць прыходзіцца ва ўзмоцненым рэжыме:
– Ну цяпер у максімальным рэжыме працуем, то бок тры майстры, часамі чатыры майстры, і недзе з дзевяці да дзевяці, то бок па дванаццаць гадзін як мінімум. Народ „пераапранаецца”, ўласнікі сваіх „жалезных коняў” стараюцца „пераапрануць” своечасова, бо ад гэтага залежыць бяспека. Часы зімоўкі на летніх колах ужо даўно прайшлі.
Дзяржаўная аўтаінспекцыя (ДАІ) нагадвае беларускім кіроўцам, што хоць да 16 студзеня пераход на зімовую гуму і мае рэкамендацыйны характар, але калі вы трапіце ў аварыю на летняй гуме, то атрымаеце пакаранне па ўсёй жорсткасці закону.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя