ДАІ на Берасцейшчыне ўзмацняе кантроль за раварыстамі
На Берасцейшчыне дзяржаўная аўтаінспекцыя ўзмацняе кантроль за раварыстамі. У сувязі з надыходам цёплага надвор’я аматары роварнага руху заўчасна распачалі чарговы сезон. У ДАІ адзначаюць, што некаторыя ўладальнікі двухколавага транспарту перасоўваліся нават у маразы і снег.
За гэта атрымалі штраф болей за 60 грамадзянаў. “Роварысты заўсёды пад увагай, бо больш за ўсіх удзельнікаў дарожнага руху парушаюць правілы”, — паведаміў інспектар Валерый Блавацкі:
— Улічваючы тое, што раварысты, гэта адна з такіх катэгорыяў удзельнікаў дарожнага руху, якія пачуваюцца на дарозе беспакаранымі і часцяком дазваляюць сабе праязджаць і на чырвоны сігнал святлафора і ехаць па тратуарах і такія парушэнні вельмі часта з’яўляюцца прычынай ДТЗ.
Летась у краіне адбылося 288 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам раварыстаў у якіх 21 чалавек загінуў, а звыш 120 атрымалі цяжкія траўмы. Пакуль ДАІ правядзе інфармацыйна-прафілактычную працу з удзельнікамі дарожнага руху.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя