ДАІ пачынае маніторынг аўтатранспарту



Дзяржаўная аўтаінспекцыя збіраецца пракантраляваць, ці выканалі кіроўцы новыя патрабаванні згодна з чарговым указам кіраўніка краіны па зменах правіл дарожнага руху.

Зменаў, якія набылі моц з 16-га студзеня, ёсць шмат, але асноўныя з іх – забараняецца перасоўванне транспарту са снежня па сакавік, калі няма зімовых шын; дзяцей да 12 гадоў неабходна перавозіць у адмысловым крэсле; павялічаны практычны тэрмін у аўташколах.

Кіроўцы па-рознаму ўспрынялі навінкі, але, на думку выкладчыка пінскай аўташколы Сяргея Паўловіча, абавязаковы пераход на зімовую гуму слушны:

 У восеньска-зімовы перыяд трэба перайсці на зімовы тып шыны. Гэта павялічвае каэфіцыент судакранання аўтамабіля з праезжай часткай, а значыць павялічвае яго ўстойлівасць, паляпшае кіраванне транспартам і ў выніку павялічвае бяспеку дарожнага руху. Пераходзіць на зімовыя шыны рэкамендуецца пры тэмпературы каля +7 градусаў. Калі выпаў снег, галалёд, то варта аддаць перавагу шынам з шыпамі.

За адсутнасць зімовай гумы прадугледжаны штраф у памеры 90 тысяч беларускіх рублёў, а за адсутнасць дзіцячага крэсла звыш 700 тысяч рублёў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота vsepoedem.com