ДАІ пачынае штрафаваць уладальнікаў аўто з летнімі шынамі
На Берасцейшчыне Дзяржаўная аўтаінспекцыя пераходзіць ад прафілактычнай працы да адміністратыўных пакаранняў кіроўцаў, якія не змянілі летнія шыны.
Тыднёвая інфармацыйная акцыя завершана, і як паказвае статыстыка: туманы, дажджы, мокры снег і галалёд прывялі да павялічэння аварыйных сітуацый. У Берасці за суткі адбыліся чатыры ДТЗ з удзелам пешаходаў, а пад Пінскам у выніку аварыі загінуў пасажыр. Выкладчык пінскай аўташколы Сяргей Паўловіч адзначае, што аўтамабілістам трэба ставіцца сур’ёзна да восеньска-зімовага перыяду:
– Зімовыя шыны павялічваюць каэфіцыент счаплення аўтамабіля з дарогай, а значыць, павялічваюць яго ўстойлівасць, павялічваюць кіруемасць, то бок падвышаюць бяспеку дарожнага руху. Калі выпадае снег, калі галалёд, шыны пачынаюць слізгаць як канькі.
У дзяржаўнай аўтаінспекцыі паведамляюць, што праз некалькі дзён па ўсёй Беларусі пачнецца маніторынг аўтамабіляў для выяўлення кіроўцаў, якія не перайшлі на зімовыя шыны.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя