ДАІ пракантралюе дарогі Берасцейшчыны



На Берасцейшчыне да 12 лютага дзяржаўная аўтаінспекцыя праводзіць кантроль хуткасці. Для гэтага на галоўных дарогах устаноўлены мабільныя датчыкі кантролю хуткасці руху, якія зафіксуюць парушэнні. Пад увагай ДАІ раварысты, якія перасоўваюцца па-за межамі горада на магістралях. Як адзначае супрацоўніца аддзела інфармацыі абласной аўтаінспекцыі Алена Захарчанка, жыццёва неабходна пазначаць ровар флікерамі:

 Вельмі рана цямнее, і не ўсе раварысты маюць флікеры, катафоты. У раварыстаў мусяць быць ліхтарыкі ў руках ці самі павінны быць апрануты ў адзенне, якое адбівае святло, каб іх можна было заўважыць здалёк пры святле фараў, за 200-300 метраў.

ДАІ паведамляе, што за 2014 год на дарогах Берасцейшчыны адбылося 650 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх 112 жыхароў вобласці загінулі,  680  атрымалі траўмы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота myslo.ru