ДАІ прапануе ўвесці раздзяленне ступеней ап’янення вадзіцеляў
ДАІ прапануе ўвесці раздзяленне ступеней ап’янення вадзіцеляў і назначаць у сувязі з гэтым розныя пакаранні. Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ расказаў начальнік УДАІ МУС Дзмітрый Карзюк.
На думку Дзмітрыя Карзюка, трэба ўвесці градацыі ступеней ап’янення – з 0,3 праміле алкаголю ў крыві накладаць штраф у памеры 100 базавых велічынь (адна БВ – Br25,5) і пазбаўляць правоў на тры гады. „Наступная градацыя алкагольнага ап’янення – 0,8. Пасля 0,8 мы прапануем адказнасць 200 базавых і пазбаўленне права кіравання тэрмінам на 5 гадоў. Мы ўзгаднілі (праўкі ў заканадаўства. – Заўвага БЕЛТА) з усімі зацікаўленымі, нас падтрымалі па ўзмацненні пакарання. Думаю, што пры перапрацоўцы КоАП гэта норма будзе ўнесена”, – сказаў Дзмітрый Карзюк.
Цяпер ч.1 арт.18.16 КоАП за нецвярозае ваджэнне або адмову ад праходжання агляду прадугледжаны штраф ад 50 да 100 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на тры гады. Калі вадзіцель трапляецца п’яным другі раз на працягу года, гэта вядзе да канфіскацыі машыны і крымінальнай адказнасці.