ДАІ вырашыла ўзяцца за кіроўцаў інтэрнэт-сэрвісаў
Супрацоўнікі ДАІ Менска ўзмоцняць кантроль за выкананнем ПДР кіроўцамі, якія выкарыстоўваюць сродкі электрасувязі і глабальную сетку Інтэрнэт (Bolt, Uber і Яндекс.Такси).
Прафілактычныя мерапрыемствы пад назвай „Таксі” пройдуць у Менску з 14 па 23 чэрвеня. У гэты перыяд інспектары пракантралююць выкананне патрабаванняў дзеючага заканадаўства кіроўцамі гэтых сэрвісаў. Павышаная ўвага будзе нададзена выяўленню нецвярозых кіроўцаў і бяспраўнікаў. Акрамя таго, у полі зроку супрацоўнікаў дарожнай міліцыі акажуцца парушэнні хуткаснага рэжыму, правілаў манеўравання і размяшчэння транспартных сродкаў на праезнай частцы. Для гэтага будуць арганізаваны рэйды з ужываннем сакрэтнага і змяшанага кантролю з выкарыстаннем відэарэгістратараў і іншых сродкаў фота і відэафіксацыі.
Як паведамляе ДАІ, за пяць месяцаў гэтага года супрацоўнікамі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі выявілі больш за 600 парушэнняў ПДР з боку кіроўцаў сэрвісаў Bolt, Uber і Яндекс.Такси, з іх — восем фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, сем — не маючы права кіравання. Па віне вадзіцеляў дадзенай катэгорыі адбылося сем ДТЗ, у якіх восем чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.