Далучайся да кампаніі #FreeViasna і падтрымай зняволеных праваабаронцаў
17 верасня распачынаецца міжнародная кампанія салідарнасці ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў “Вясны” – #FreeViasna.
Гэтая дата абраная не выпадкова: 17 верасня 2020 года па дарозе дадому з урачыстага ўручэння прэміі імя Яна Карскага была затрыманая прадстаўніца ПЦ „Вясна” Марфа Рабкова, паведамляе spring96.org. На працягу году ціск на праваабаронцаў толькі ўзмацняўся: было пачата некалькі крымінальных спраў, праводзіліся шматлікія вобшукі, сябраў “Вясны” затрымлівалі, а некаторых пры гэтым збівалі, выклікалі на допыты нават тых, хто даўно не мае дачынення да дзейнасці арганізацыі.
На дадзены момант за кратамі знаходзіцца сем “вясноўцаў”:
-
старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі;
-
намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч;
-
каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч;
-
каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова;
-
кіраўнік Гомельскага аддзялення “Вясны” Леанід Судаленка;
-
валанцёрка з Рэчыцы Таццяна Ласіца;
-
валанцёр з Мінску Андрэй Чапюк.
Шмат год яны дапамагалі людзям у адстойванні і абароне іх правоў і грамадскіх інтарэсаў, аналізавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, рыхтавалі і падавалі скаргі і справаздачы ў ААН, прымалі ўдзел у яе сесіях, выпрацоўвалі рэкамендацыі да ўладаў Беларусі, падтрымлівалі стасункі з праваабарончымі арганізацыямі ўсяго свету, атрымоўвалі прэстыжныя ўзнагародны за сваю дзейнасці. А цяпер – салідарнасць і падтрымка патрэбная ім самім!
Заклікаем далучыцца да кампаніі па іх вызваленні і зрабіць тыя дзеянні, якія вам даступныя:
-
арганізаваць мітынг, шэсце ці пікет 17 верасня ў падтрымку “вясноўцаў”;
-
распаўсюджваць інфармацыю пра зняволеных праваабаронцаў і кампанію па іх вызваленні #FreeViasna;
-
зрабіць фота з банэрамі, постэрам кампаніі і размясціць у сацыяльных сетках з хэштэгам #FreeViasna;
-
напісаць адкрыты ліст да зняволеных праваабаронцаў і даслаць яго на пошту [email protected] (мы змесцім яго ў нашых сацсетках);
-
падпісаць паштоўкі салідарнасці і наўпрост даслаць іх “вясноўцам” (у тым ліку можна зрабіць гэта праз Майстэрню паштовак салідарнасці);
-
прыдумаць і рэалізаваць іншае дзеянне з патрабаваннем аб вызваленні праваабаронцаў “Вясны”.