Далучайцеся да акцыі «Гарады супраць смяротнага пакарання»!



Праваабаронцы заклікаюць далучыцца да акцыі «Гарады за жыццё – гарады супраць смяротнага пакарання», якая ладзіцца 30 лістапада.

P1030078

Ініцыятарам акцыі з’яўляецца італьянская «Абшчына Святога Эгідзія».

30 лістапада  ў 1786 годзе ў італьянскім княстве Таскана ўпершыню ў гісторыі еўрапейскіх дзяржаваў было адмененае смяротнае пакаранне.

Як паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда:

– І ў Беларусі праваабаронцы ды грамадскія актывісты 30 лістапада далучацца да гэтай ініцыятывы з надзеяй на тое, што беларускае грамадства зверне ўвагу на неабходнасць адмены гэтага віду пакарання. Упершыню ў Беларусі такая акцыя была праведзеная ў межах кампаніі супраць смяротнага пакарання ў 2010 годзе. Адбылося гэта каля Чырвонага касцёлу ў Менску. Спадзяемся, што ў гэтым годзе праз сацыяльныя сеткі да нас далучыцца яшчэ больш людзей.

Традыцыйна акцыя ладзіцца ў тых краінах, дзе смяротнае пакаранне ўжо не выкарыстоўваецца. У гарадах без смяротнага пакарання ўвечары 30-га лістападу асвятляюць касцёлы, архітэктурныя помнікі і плошчы. Робяць гэта ў падтрымку права на жыццё.

Каб далучыца да акцыі «Гарады за жыццё – гарады супраць смяротнага пакарання», кожны ахвотны можа:

  1. Зрабіць сэлфі ў сваім горадзе на фоне вядомага будынка, выкласці гэтае фота ў любой сацыяльнай сетцы з хэштэгам #citiesforlife #ЗаЖыццё
  2. Спампаваць і апублікаваць у сацыяльных сетках лагатып кампаніі з хэштэгам #citiesforlife #ЗаЖыццё
  3. Перайсці па спасылцы і паставіць сабе на фота ў Фэйсбуку “picbadges”
  4. Спампаваць і раздрукаваць малюнкі, зрабіць з імі фотаздымкі і выкласці іх у свае сацыяльныя сеткі з хэштэгам #citiesforlife #ЗаЖыццё
  5. Падпісаць Петыцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

 Беларускае Радыё Рацыя