Далучэнне да Балонскага працэсу нічога не дасць?
Фармальныя і тэхнічныя моманты выканання патрабаванняў Балонскага працэсу Беларусь у змозе выканаць, але гэта ніякім чынам не адбіваецца на дэмакратызацыі адукацыі ў краіне.
Такога меркавання прытрымліваецца філосаф, кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій Уладзімір Мацкевіч. Хоць пэўным чынам далучэнне да еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі можа пайсці на карысць беларускім студэнтам:
– Трохі пашырацца магчымасці для студэнтаў карыстацца праграмай Эразмус і навучацца па некалькі месяцаў, на семестр ці на два семестры, у еўрапейскіх навучальных установах. Але каб скарыстацца гэтай праграмай, якая, дарэчы, і раней дзейнічала на Беларусь, але ж вельмі і вельмі абмежавана, то магчымасці залежылі ад лаяльнасці студэнтаў да адміністрацыі, таму і сёння гэта можа быць невыканальным да канца.
Беларусь далучылася да Балонскага працэсу з другой спробы. У 2012-м годзе ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі адмовілі Беларусі ў прыняцці да працэсу з-за невыканання такіх прынцыпаў, як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
Фота journalby.com