Дануце Бічэль – 80 гадоў
80 гадоў споўнілася выдатнай паэтцы, стваральніцы музея Максіма Багдановіча ў Гародні Дануце Бічэль. Майстрыца лірычнай, духоўнай паэзіі апошнія гады піша нарысы, успаміны, якія дапаўняюць гісторыю літаратурнай Гарадзеншчыны і нацыянальнага руху ў Панямонні канца ХХ стагоддзя. Пра перыяд сваёй працы ў музеі Багдановіча кажа Данута Бічэль.
– Прыходзілі людзі да Максіма Багдановіча і прыносілі сваю душу. Гэта было месца, куды людзі прыходзілі, як у святыню. Але калі прыходзяць у святыню, то трэба шукаць ксяндза ці святара, бацюшку, каб яму паспавядацца. А Данута заўсёды сустракала іх. Таму яны ведалі, што я нешта ўжо разумею ў літаратуры, і маглі мне адкрыцца.
Цяпер Данута Бічэль не супыняе пісаць вершы і прозу. Яе ўнук, Стась Ільін, ужо праявіў сябе як празаік. У замежжы рыхтуе ўласную кнігу твораў на роднай мове.
Беларускае Радыё Рацыя віншуе паэтку і нашую сталую слухачку з юбілеем! Сто гадоў!
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня