Дапамога бежанцам з Украіны ад Беларускага Чырвонага Крыжа
Больш чым 13.000 тысяч украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь з Луганскай і Данецкай вабласцей, атрымалі сёлета дапамогу ад Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Гэта амаль 10 працэнтаў грамадзян, якія прыбылі на беларускую тэрыторыю ў пошуках лепшага жыцця. Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Ларыса Варанко нагадвае, што на дадзены момант адбываецца другі этап дапамогі ўкраінцам:
– Зараз ідзе другая фаза. Мы паўторна будзем аказваць дапамогу. Таксама будуць грашовыя вайчары, на сённяшні дзень яны наміналам у 1 мільён і выдавацца будуць па 200 тысяч. Мы вырашылі, што так больш зручна, таму што людзям адразу на такую вялікую суму закупаць прадукты – гэта і не рацыянальна і не вельмі зручна.
Другі этап дапамогі грамадзянам Украіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, прызначаны для 10 000 чалавек. Гэта самотныя людзі сталага ўзросту, пенсіянеры, людзі з цяжкімі формамі інваліднасці, шматдзетныя і непоўныя сем’і, якія не маюць крыніцы даходу і не могуць вярнуцца да дому ў бліжэйшыя месяцы.
Беларускае Радыё Рацыя