Дапамога „дармаедам”: найперш кансультацыя
У рэгіёнах Беларусі актывісты палітычных партый і праваабаронцы кансультуюць беларусаў, якія трапілі пад дзеянне дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Ужо 34 100 жыхароў Беларусі заплацілі збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год, больш вядомы як „падатак на дармаедства”. Людзі прыходзяць ў наш офіс – мы салідарныя з імі хаця б парадай – кажа кіраўнік Берасцейскай гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс:
– Людзі прыходзяць да нас у офіс. Паказваем, як адказаць падатковай інспекцыі, як скласці скаргі. Мы адкрытыя да людзей, бо мы салідарныя з імі. Калі мы не будзем дапамагаць адзін аднаму, то якая ж мы тады Сацыял-дэмакратычная партыя?
У Віцебску так званым „дармаедам” дапамагаюць пераважна праваабаронцы — кажа актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяна Севярынец, паводле якой, людзі абураныя, але баяцца:
– Звяртаюцца і да БХК, і да праваабаронцаў з “Вясны”. Калі мне тэлефануюць, я наўпрост накіроўваю іх да праваабаронцаў. Людзі павольна-павольна прачынаюцца.
Агулам падатковыя інспекцыі накіравалі больш за 440 тысяч паведамленняў жыхарам краіны. Аплаціць „падатак на дармаедства” неабходна не пазней за 20 лютага 2017 года. Неплацельшчыкам пагражае штраф.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя