„Дапамога па беларускай мове” – сем год суполцы ў „У кантакце”



Беларусы імкнуцца лепш пазнаць бяздоннае багацце вялікай беларускай мовы і шляхі абароны яе ў асяроддзі мовы суседа – расейскай. У сацыяльных сетках дзейнічае з дзясятак прафесійных і аматарскіх сэрвісаў, суполак, якія аб’ядноўваюць людзей менавіта па гэтым зацікаўленні. Ужо сем гадоў у сацыяльнай сетцы „У кантакце” дзейнічае суполка „Дапамога па беларускай мове”. Пра яе задачы з Госцем Рацыі Львом Глушыцкім, рэдактарам і перакладчыкам гэтай суполкі гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.

РР: Беларуская мова заўсёды знаходзілася на вастрыні грамадскіх падзеяў. Нацыянальная свядомасць вымагае пастаяннай працы грамадзянаў для таго, каб засведчыць  сваё месца пад сонцам.  Ці лёгка было знайсці аднадумцаў пры стварэнні такой суполкі? І на колькі яна карыстаецца попытам у гэтай сацыяльнай сетцы?

Леў Глушыцкі: Тут абавязкова трэба згадаць майго паплечніка Юрася Садовіча. Ён яшчэ ў далёкім 2013 годзе меў і развіў сваю ідэю, якая, здавалася б, простая, але запатрабаваная – проста адказы на пытанні па-беларуску. І гэта проста, але на той момант, ды і цяпер, “У кантакце” не было такога месца, дзе можна было  б кожнаму прыйсці і напісаць любое пытанне, каб на яго адказалі дастаткова поўна і абгрунтавана. І калі гэта адбылося, я маю на ўвазе стварэнне суполкі, то шматлікія пабачылі, што, па-першае, гэта запатрабавана, па-лругое, і да гэтага часу людзі дадаюцца, людзі рэгулярна задаюць пытанні. І пры тым нельга сказаць, што пытанні элементарныя, ці гэта школьная праграма, ці нешта такое. Яны абсалютна з розных галін мовазнаўства, рознай складанасці і нават рознага памеру тэксту. Часам чалавек проста напіша два сказы, два словы, а бываюць цэлыя “прасціны” з тлумачэннямі і прыкладамі. Сітуацыя прыкладна такая.

РР: Вы ўжо сем гадоў існуеце, ці ёсць у вас нейкая такая ўласная статыстыка на каго найбольш разлічаны ваш сэрвіс? Гэта людзі інтэлектуальнай працы ці нейкія прадпрымальнікі, людзі, якія хочуць неяк практычна выкарыстаць вось гэтыя новыя веды?

Леў Глушыцкі: Так. Я думаю, што гэта часцей датычыцца тых, хто рэальна ўжывае беларускую мову ў жыцці. Часам, вядома, і тыя, хто проста навучаецца, у тым ліку і хто навучае. Таму што ў нашай суполцы сядзяць і настаўнікі са школ, і выкладчыкі з універсітэтаў. Але людзі часта пытаюцца менавіта для сваіх нейкіх патрэбаў з галін, у якіх яны працуюць. Напрыклад, тыя, хто агучвае мультфільмы і фільмы, яны пытаюцца пра пераклад нейкіх слоў, якія патрэбныя для гэтага агучвання. Тыя, хто мае свой нейкі бізнес, хочуць стварыць назву, каб яна была правільнай для сваёй цырульні, кавярні, ці нечага такога. Так што ёсць даволі выразная практычная накіраванасць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя