Дарадца Ціханоўскай: Журналісты — героі беларускага пратэсту
Журналісты з’яўляюцца героямі беларускага пратэсту, многія заплацілі свабодай за тое, што сумленна рабілі сваю працу ва ўмовах рэпрэсій, заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай медыяэксперт Франак Вячорка, выступаючы на Львоўскім медыяфоруме 26 жніўня.
Ён падкрэсліў, што журналісты беларускіх недзяржаўных СМІ маюць патрэбу ў міжнароднай падтрымцы, дапамозе ў пераездзе, таму што не могуць займацца сваёй працай на радзіме. Улады дагэтуль затрымліваюць журналістаў, каб паралізаваць працу рэдакцый, і гэта адбывалася з пачатку леташняй прэзідэнцкай кампаніі, адзначыў Вячорка.
„Цяпер яны затрымліваюць журналістаў аднаго СМІ, а на наступны дзень выпускаюць іншых журналістаў. Такая атмасфера не дае нармальна працаваць”, — заявіў дарадца Ціханоўскай, прывёўшы ў якасці прыкладу затрыманне 18 жніўня дырэктара і галоўнага рэдактара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыны Леўшынай, бухгалтара Кацярыны Боевай і былога дырэктара Дзмітрыя Наважылава і вызваленне супрацоўнікаў „Прэс-клуба” праз суткі.
VIII Львоўскі медыяфорум праходзіць 26—28 жніўня пад дэвізам: „Сапраўдная журналістыка мае значэнне”. У ім бяруць удзел прыблізна 700 журналістаў і больш за 100 спікераў.
27 жніўня адбудзецца панэль „Беларусь як фактар рэгіянальнай турбулентнасці”.
БелаПАН