„Дармаеды” будуць кампенсаваць поўны кошт ільгатаваных паслуг
Новая рэдакцыя праекта дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які цяпер называецца „Аб садзейнічанні занятасці”, прадугледжвае, што грамадзяне, прызнаныя сацыяльнымі ўтрыманцамі, павінны будуць кампенсаваць поўны кошт ільгатаваных дзяржавай паслуг, паведаміла журналістам 9 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў міністр працы Ірына Касцевіч.
Паводле яе слоў, праект абноўленага дэкрэта знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта. „Сакрэтаў ніякіх няма. Ужо неаднаразова мы казалі, што абноўленая версія дэкрэта № 3 скіраваная перш за ўсё на садзейнічанне і стымуляванне занятасці, на актыўную палітыку занятасці ў дачыненні да тых грамадзян, якія хочуць працаваць”, — сказала міністр.
На пытанне, як плануецца стымуляваць тых, каго прызнаюць „дармаедамі”, Касцевіч адказала: „Я не ведаю наконт „дармаедаў” і не хачу прамаўляць гэтыя словы. Але перш за ўсё абноўлены дэкрэт № 3 скіраваны, у тым ліку, і на выхад з ценю тых, хто займаецца схаванай занятасцю. Каб сапраўды вывесці гэтых людзей на рынак працы, мы плануем поўную кампенсацыю тых выдаткаў, якія сёння льгатуюцца з боку дзяржавы”. „Якія гэта будуць паслугі, будзе яшчэ разглядацца”, — дадала кіраўнік Мінпрацы і сацабароны.
Дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка 2015 года. Ён абавязваў грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні на год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф альбо адміністрацыйны арышт.
Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Згодна са звесткамі Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамленні.
Дэкрэт выклікаў абурэнне ў грамадстве і прывёў да масавых вулічных пратэстаў, пік якіх прыпаў на вясну гэтага года. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйным арыштам.
У пачатку ліпеня Лукашэнка распарадзіўся пачаць вяртанне збору, выплачанага згодна з дэкрэтам, але грошы вяртаюць толькі тым, хто змог уладкавацца на працу. На нарадзе 3 жніўня ён падкрэсліў, што „ніякай адмены дэкрэта № 3 быць не можа” — гаворка ідзе пра новую рэдакцыю гэтага дакумента. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду падрыхтаваць абноўлены варыянт да 1 кастрычніка. 2 кастрычніка стала вядома, што дапрацаваны варыянт дэкрэта № 3 накіраваны на разгляд Лукашэнкі.
belapan.by