„Дармаеды” Гарадзеншчыны не спяшаюцца здавацца
Дармаеды Гарадзенскай вобласці не маюць жадання добраахвотна абвяшчаць падатковай інспекцыі пра тое, што не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Статыстычныя дадзеныя сведчаць аб тым, што ў Прынёманскім рэгіёне на працягу дзевяці месяцаў колькасць “дабраахвотнікаў” склала сто пяцьдзясят адну асобу – найменшы паказчык па ўсёй краіне. Прыкладам, за гэты самы перыяд у Менску колькасць такіх грамадзян перавысіла сямсот чалавек. Непапулярны сярод насельніцтва дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” прадугледжвае дзесяціпрацэнтнае змяншэнне сумы падатку “за дармаедства” для тых, хто на працягу года працуе менш за 183 дні.
Як лічыць праваабаронца Гары Паганяйла, сумнеўны дэкрэт не адпавядае канстутуцыі Рэспублікі Беларусь:
– Хочуць прымусіць усіх працаваць. На падставе ўдзелу ў дзяржаўных выдатках фактычна ўсе працаздольныя грамадзяне прызнаюцца плацельшчыкамі гэтага збору. Збору за што? За тое, што мы жывём на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дыхаем беларускім паветрам?
Паводле дэкрэта “Аб дармаедстве”, кожны беспрацоўны грамадзянін павінен заплаціць дзяржаве падатак у памеры 4 мільёны 200 тысяч рублёў. Для тых, хто добраахвотна паведаміць падатковай аб сваім статусе, прадугледжана зніжка ў памеры чатырохсот дваццаці тысяч беларускіх рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня