Дар’я Лосік: Ад Ігара прыйшло адразу восем лістоў



Жонка палітвязня Ігара Лосіка распавяла пра тое, што пасля працяглага перапынку аднавілася перапіска з мужам.

Нагадаем, што Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года ў Баранавічах. У той жа дзень стала вядома, што ў дачыненні да яго завялі крымінальную справу па арт. 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

15 снежня Ігару Лосіку прад’явілі новае абвінавачанне — па 293 артыкуле КК: «Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках», пасля чаго палітвязень абвясціў бестэрміновую галадоўку, якая доўжылася 42 дні.

Дар’я Лосік: Напачатку гэтага месяца я распавяла журналістам, што з’явіліся праблемы з перапіскай з мужам, ад яго амаль месяц не было лістоў. Такая сітуацыя склалася адразу пасля таго, як Ігар пабываў у карцары.

І ці то гэты рэзананс у СМІ паўплываў , ці то нейкія іншыя прычыны былі, але зараз лісты ад Ігара пайшлі. Днямі я атрымала ад мужа адразу восем лістоў!

РР: Што ён піша?

Дар’я Лосік: Хачу сказаць, што ўсе лісты вельмі розныя па напаўняльнасці. У адных муж піша з пазітывам і аптымізмам, у іншых – пэўны сум. Такія своеасаблівыя эмацыянальныя арэлі.

А ўвогуле, Ігар наогул не разумее, за што яго трымаюць за кратамі і ў чым абвінавачваюць. Бо ён як быццам нічога і не парушаў. Наколькі вядома, зараз муж якраз і знаёміцца са справай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Instagram Дар’і Лосік