Дар’я Лосік: Не спадзяюся на мяккі прысуд
Жонка палітвязня Ігара Лосіка распавяла пра будучы суд над мужам.
Як стала вядома, суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам пачнецца 24 чэрвеня ў будынку Гомельскага СІЗА №3.
Разам са Статкевічам, Ціханоўскім і Лосікам па справе праходзяць таксама Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў.
Дар’я Лосік: Інфармацыя пра тое, што суд над Ігарам і астатнімі фігурантамі па гэтай справе будзе праходзіць у СІЗА з’явілася яшчэ раней, хаця ніякага афіцыйнага пацвярджэння гэтаму не было. Але я на 99 адсоткаў была ўпэўнена, што працэс у любым выпадку адбудзецца ў закрытым рэжыме.
РР: Адкуль такая ўпэўненасць?
Дар’я Лосік: Калі зрабіць суд адкрытым, то будзе зразумела, што “справы Ціханоўскага”, напэўна, і не існуе. Таму, як бачым, многія суды робяць закрытымі, і народ нават не ведае, што адбывалася падчас працэсу. Агучваюць толькі канчатковы прысуд.
Няма ў мяне і аптымістычнага прагнозу наконт прысуду Ігару. Усе мы бачым, якія вялікія тэрміны даюць людзям, таму рыхтую сябе да горшага, каб затым не расчароўвацца.
РР: Якія апошнія навіны ад Ігара?
Дар’я Лосік: Скардзіцца, што сталі блакаваць лісты да яго. Калі раней атрымліваў па 20 лістоў, то зараз або зусім нічога не даходзіць, або толькі 2-3 лісты перадаюць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя