Дашкевіч і Пальчыс аштрафаваныя за паход у барбершоп “Чэкіст”



Суд аштрафаваў Змітра Дашкевіча і Эдуарда Пальчыса на 735 рублёў за паход у барбершоп «Чэкіст». Суд прызнаў актывістаў вінаватымі ў дробным хуліганстве падчас наведвання барбершопа «Чэкіст» 9 студзеня. Група актывістаў на чале са Змітром Дашкевічам і блогерам Эдуардам Пальчысам правяла гутарку з супрацоўнікамі барбершопа, спрабавала развесіць плакаты з прозвішчамі больш як сотні беларускіх інтэлігентаў, забітых у кастрычніцкую ноч 1937 года.

Актывісты спрабавалі давесці, што «называцца супрацоўнікам карнага органа, які спрычыніўся да масавых рэпрэсій, — гэта як мінімум дэманстраваць няведанне гісторыі» і што «з такім жа поспехам можна было ўзяць назву «Гестапавец». Пры гэтым Эдуарда Пальчыса судзіў Іван Касцян — сумна вядомы сваімі судамі над беларускімі актывістамі.

Згодна з міліцэйскім пратаколам аб адміністрацыйным парушэнні, Дашкевіч «настырна навязваў сваю прысутнасць», «патрабаваў змяніць назву і мэблю» і «наўмысна парушаў дзейнасць» установы, чым выявіў «непавагу да грамадства». Сведкамі выступілі супрацоўнікі барбершопа Ілля Мятліцкі і Алег Кот.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org