Дашкевіч падае ў Генпракуратуру скаргу на дзеянні ўладаў у Курапатах



Актывіст апазіцыі Зміцер Дашкевіч падае ў Генеральную пракуратуру заяву на „акт дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах 4 красавіка 2019 года”.

Як паведаміў Дашкевіч БелаПАН, скарга будзе пададзеная на працягу найбліжэйшай гадзіны. У ёй адзначаецца: „4 красавіка 2019 года ва ўрочышчы Курапаты быў здзейснены акт дзяржаўнага вандалізму: Бараўлянскім спецлясгасам пры падтрымцы МУС і людзей, якія называюць сябе „настамнетамі”, былі знесены і вывезены ў невядомым напрамку 70 шасціметровых крыжоў. Гэтыя крыжы ў мінулым годзе ўстанаўліваў я са сваімі сябрамі, на большую частку матэрыялаў (дрэва, жалеза, насычэнні) у нас маюцца чэкі (копіі прыкладаюцца да скаргі). Таму расцэньваем гэты вандалізм як крадзеж маёмасці сотняў людзей, якія ахвяравалі грошы на крыжы і іх устанаўлівалі”.

Дашкевіч звяртае ўвагу на тое, што крыжы былі знесеныя „без усялякіх на тое дакументаў і юрыдычных рашэнняў”.

Прэтэнзіі, паводле інфармацыі Дашкевіча, былі да 13 крыжоў, якія актывісты ўстанавілі з паўночнага боку Курапатаў (з боку дарогі Заслаўе — Калодзішчы). Аднак штраф КУП „Мінскаблдзяржбуд” за ўстаноўку крыжоў быў абскарджаны ў судзе Цэнтральнага раёна Менска і адменены.

„Цяпер да адзінай юрыдычнай прэтэнзіі, якая была сфармуляваная да нас адносна крыжоў, — адзначаецца ў заяве. — 1 красавіка 2019 года „Мінскаблдзяржбуд” накіраваў прэтэнзію аб дэмантажы 13 крыжоў шасці людзям. Але прэтэнзія была падпісаная 1 красавіка і прыйшла да нас у паштовыя скрыні 5 красавіка, а крыжы знішчаныя былі ўжо 4 красавіка. Прэтэнзія патрабавала дэмантаваць крыжы да 19 красавіка, але, зноў жа, крыжы былі па-варварску знішчаныя 4 красавіка. Прэтэнзія тычылася 13 крыжоў, а знесеныя былі 70″.

У сувязі з гэтым Дашкевіч патрабуе ад Генпракуратуры растлумачыць, чаму крыжы знішчылі за 15 сутак да заканчэння тэрміну выстаўленай актывістам прэтэнзіі і чаму актывістам не далі магчымасці абскардзіць рашэнне „Мінскаблбуда” ў судзе. Ён таксама просіць растлумачыць, чаму знішчана 70 крыжоў, хоць прэтэнзія тычылася ўсяго толькі 13.

„Патрабую ад пракуратуры даць адказы на гэтыя пытанні і таксама паведаміць, дзе мы можам забраць 70 крыжоў, якія належаць не дзяржаўным вандалам, а людзям, якія збіралі на іх грошы”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Як паведамлялася раней, знос крыжоў чыноўнікі патлумачылі навядзеннем парадку. У прыватнасці, паводле звестак Міністэрства лясной гаспадаркі, на тэрыторыі ДСЛГУ „Бараўлянскі спецлясгас” праводзяцца планавыя работы па ўпарадкаванні ляснога фонду. „У рамках навядзення парадку спецыялістамі ўстановы праводзіцца мантаж агароджаў, выдаленне асобных збудаванняў”, — гаварылася ў прэс-рэлізе. Гэтыя работы, адзначылі ў міністэрстве, праводзяцца ў тым ліку ў Курапатах, тэрыторыя якіх з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і землямі дзяржаўнага ляснога фонду. Мінлясгас звяртае ўвагу на тое, што „спецыялістамі лясгаса ажыццяўляецца знос выключна тых аб’ектаў, якія былі ўстаноўленыя без якой-небудзь дазвольнай дакументацыі, г.зн. з’яўляюцца незаконна ўстаноўленымі”.

БелаПАН

Фота Алены Талкачовай, Tut.by