Дашкевіча, затрыманага за спробу паставіць крыжы ў Курапатах, адпусцілі (абноўлена)



Зміцер Дашкевіч – актывіст абароны Курапатаў, збіраўся днямі з сябрамі паставіць ва ўрочышчы яшчэ колькі крыжоў.

Распавядае сам актывіст.   

– Я планаваў з сябрамі ўсталяваць крыжы. Велічэзныя. Мы замовілі брус шасцімятровы. Злучылі яго са швелерамі жалезнымі. І яны б луналі над зямлёю. Проста я не мог сабе ўявіць, хоць разумею ўвесь фармат неадэкватнасці ў гэтай дзяржаве, 17-ты год катаючыся па спецпрыёмніках, што яны вырашаць канфіскаваць крыжы.  Ну, гэта проста невытлумачальна для майго розуму. Але, тым не менш, крыжы канфіскаваныя.

Пра лёс Змітра Дашкевіча не было нічога вядома ад рана. І толькі пад вечар ён з’явіўся на варту да сваіх сяброў і паплечнікаў.

* * * 

Абаронцаў Курапатаў Зміцера Дашкевіча і Ягора Лаўрухіна адпусцілі з Ленінскага РУУС, крыжы ім не вярнулі, паведаміла ў „Фэйсбуку” Анастасія Дашкевіч.

На актывістаў склалі пратакол па артыкуле 12.17 КоАП Беларусі (парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву).

Цяпер яны накіроўваюцца ва ўрочышча Курапаты.

Затрыманне Зміцера Дашкевіча, Ягора Лаўрухіна і Валерыя Мінца адбылося па дарозе ў Курапаты, куды яны везлі тры крыжы для ўстаноўкі каля пікетаванага рэстарана «Поедем поедим».

Аўтамабіль ДАІ спыніў грузавік з крыжамі. Следам за ім пад`ехала машына з людзьмі ў цывільным, якія затрымалі Дашкевіча і іншых актывістаў. Грузавік з крыжамі таксама быў затрыманы.

* * * 

Затрыманы ранкам Валер Мінец, які вёз новыя крыжы ў мемарыяльны комплекс Курапаты, вызвалены з Ленінскага РАУС Менска без складання пратакола. Вярнулі грузавік, але не аддалі крыжоў.

Астатнія затрыманыя разам з ім — Зміцер Дашкевіч і Ягор Лаўрухін — яшчэ застаюцца ў РАУС.

Гэтае затрыманне падчас спробы прывезці да народнага мемарыялу тры новыя крыжы адбылося на Партызанскім праспекце ў Менску, як сведчыць жонка Змітра – Наста Дашкевіч.

Калі супрацоўнікі ДАІ падыходзілі да кіроўцы грузавіка, каб разабрацца з грузам, Зміцер выйшаў і пачаў весці стрым. Потым да яго падбеглі супрацоўнікі ў цывільным, сказалі прыбраць камеру. А ўжо пасля гэтага падбеглі прадстаўнікі ў вайсковай форме, арыштавалі яго і пацягнулі ў аўтобус разам з Ягорам Лаўрухіным.

Устаноўка 6-метровых крыжоў была запланаваная на 10:00 29 чэрвеня.

* * * 

Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч быў затрыманы раніцай 29 чэрвеня перад запланаваным усталяваннем новых крыжоў каля рэстарана «Поедем поедим», што месціцца каля мемарыяльнага комплексу Курапаты.

Прычыны затрымання невядомыя. Разам з Дашкевічам затрыманыя актывісты Валер Мінец і Ягор Лаўрухін. Фура з крыжамі, якія яны везлі, каб усталяваць іх у Курапатах, таксама арыштаваная.

Жонка Змітра Наста Дашкевіч сказала, што затрыманне і арышт прайшлі вельмі хутка.

Затрыманне Змітра – гэта абсалютна абуральная сітуацыя. Мы паважаем тое месца, якое яны сёння адкрываюць [маецца на ўвазе адкрыццё другой чаргі мемарыялу „Трасцянец” ]. Гэта насамрэч месца болю і смутку нашай краіны. Але Курапаты – месца, не меншае паводле сваёй значнасці і трагедыі. Таму я вельмі спадзяюся, што гэтая сітуацыя неўзабаве вырашыцца. І прадстаўнікі дыпламатычных місій найперш умяшаюцца. Бо яны павінны разумець, што гэта абсалютна несправядлівы і абуральны арышт. Тое, што людзі ехалі ў Курапаты, было ўсім вядома і зразумела. І мы будзем рады іх бачыць разам з вызваленымі Змітром, Ягорам. І я спадзяюся, што ўсталёўка крыжоў сёння працягнецца.

Цягам дня абаронцы Курапатаў чакаюць візітаў замежных гасцей — у Курапаты запрошаны дэлегаты, якія прыехалі на адкрыццё мемарыялу ахвяраў нацыстаў у Трасцянцы.

* * *

29 чэрвеня ўжо з самай раніцы праводзіцца поўная мабілізацыя абаронцаў. А 10-ай гадзіне было ў планах усталяванне крыжоў. А 12-ай – пачатак варты. На месцы падзеяў знаходзіцца наш калега Стас Дадэрка.

Ужо а палове на 10-ую гадзіну паводле беларускага часу ўздоўж кальцавой аўтадарогі ля Курапатаў тэрыторыю патрулявалі АМАП-аўцы, а на самой тэрыторыі Курапатаў працавалі супрацоўнікі Бараўлянскага спецлясгаса. Актывісты, якія прыйшлі на талаку, сабраліся тут а 10-ай гадзіне, іх прыкладна 20 чалавек. Яны сказалі, што АМАП-аўцы тут стаяць заўжды, калі па кальцавой мусіць праехаць Лукашэнка, таму яны не будуць чыніць ніякіх перашкодаў. А вось лясгасаўцы якраз могуць. Ёсць такая гіпотэза, што яны рыхтуюцца менавіта да прыезду замежных дэлегацый, якія пасля адкрыцця мемарыялу ў Трасцянцы мусяць наведаць і Курапаты. Вядома таксама, што машыну з трыма 7-метровымі крыжамі спынілі ДАІ-шнікі. Зміцер Дашкевіч і яго кампанія „Цесляры” мусілі сёлета ўсталяваць гэтыя крыжы на месцы побач са скандальна вядомым рэстаранам. Але відавочна, што гэтая ідэя адкладаецца. Павел Севярынец абвесціў план Б: зноў падысці да брамы рэстарана, павесіць там плакаты і зноў пачаць патруляванне.

 

Як стала вядома, лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча затрымалі перад запланаваным усталяваннем крыжоў. Прычыны затрымання невядомыя. Разам з Дашкевічам, як  піша блогер Эдуард Пальчыс, затрыманыя актывісты Валер Мінец і Ягор Лаўрухін.

Абаронцы Курапатаў не вераць у тое, што ўлады стануць на іх бок. Пра неабходнасць упарадкавання ўрочышча ўвесну выказаўся Аляксандр Лукашэнка, а днямі намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук не выключыў магчымасці аднаўлення расследавання ў справе змянення ахоўнай зоны Курапатаў. Як адзначыла ў размове з нашым радыё абаронца Вольга Мікалайчык, хутчэй за ўсё гэта пустыя словы:

Гэтая рыторыка заўсёды ўсплывае, калі ў Лукашэнкі заканчваюцца грошы і ён мае вялікую патрэбу ў фінансаванні з Захаду, напрыклад. Таму і ўсплывае такая рыторыка, што нібы яны будуць разбірацца, аднаўляць. Ведаеце, кабак жа не паўстаў за 1 хвіліну. Гэта ўжо мы дамагаемся вяртання ахоўнай зоны, якую забралі незаконна па карумпаванай схеме, шмат гадоў. Безумоўна, хочацца верыць у лепшае, але гэта малаверагодна. Пабачым.

З раніцы Вольга Мікалайчык была заблакаваная ў сваім доме, каля вокнаў якога стаялі міліцыянты. Аднак ёй удалося выйсці з дома і прыехаць ва ўрочышча Курапаты.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org