Даўгавая кругаверць Алены Лібозы



Трапіла ў даўгавую кругаверць  з РУП “Докшыцы-камунальнік” і судовымі выканцаўмі і ніяк не можа пакуль з яе самастойна выйсці. Алене Лібозе з вёскі Варганы, што ў Докшыцкім раёне, налічылі вялікі доўг за кватэру, у якой яна зарэгістраваная, але ўжо шмат год не жыве  там  з-за непрымальных умоваў. Жыве  Алена разам з двума дзецьмі ў маці ў той жа вёсцы Варганы, але там зарэгістравацца не змагла, бо  не хапала метраў.

Па словах Алены, раней яна плаціла за кватэру ў вёсцы па сем рублёў, але калі адмовілася ад прыватызацыі, тут і пачаліся праблемы з аплатай. З’явіліся вялікія сумы, якія жанчына не паспявае аплочваць. Таму расце пеня, атрымліваюцца новыя сумы і блытаніна:

– Праблема ў тым, што не можам выйсці з гэтай запазычанасці. Колькі б не плацілі, усё застаецца на адным месцы. Мне бухгалтарка растлумачыла, што на студзень у мяне застаецца запазычанасць 23 рублі, плюс кватэрная плата 7 рублёў.  Але ў студзені мне прыйшла квітанцыя на суму 43 рублі. Як было, так і засталося. Я баюся, што на люты  прыйдзе ізноў паперка з той жа самай сумай.

Як кажа прадстаўніца групы па разлікова-пашпартным абслугоўванні насельніцтва ў Докшыцкім раёне Алена Міхайлаўна Каляга, у Алены Лібозы, па іх дадзеных,  атрымоўваецца запазычанасць ужо за два месяцы.

– Вось ужо са студзеня ёй будзе выстаўлена 15 рублёў 50 капеек асноўнага доўга, і 35 рублёў 87 капеек пені. Людзі пішуць заявы на спісанне пені. А яна не звярталася. Трэба прадставіць дакументы: даведку аб даходах, аб складзе сям’і, заяву і апошнюю квітанцыю аб пагашэнні запазычанасці. Мы прыкладваем копію квітанцыі да дакументаў, аддаём праект рашэння ў выканкам. А яны высылаюць хадайніцтва ў Віцебск. Там  даюць дазвол, а выканкам прымае рашэнне. Гэта займае каля 45 дзён.

Як заўважыла Алена Міхайлаўна, спісваюць пеню звычайна малазабяспечаным, шматдзетным ды інвалідам.

Паводле Алены Лібозы,  яе выклікалі на камісію ў Докшыцкі райвыканкам, дзе начальнікі ёй так і не дапамаглі вырашыць праблему. Таму ў яе ўсе спадзяванні на незалежных журналістаў, што яны ўсё ж дапамогуць  разабрацца ў гэтай кругаверці  з запазычанасцю. Потым яна як мага хутчэй адмовіцца ад непатрэбнай і неспрыяльнай для жыцця кватэры.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара