Дазволена шэсце ў Лошыцкі яр



Традыцыйныя мемарыяльныя шэсце і мітынг у Лошыцкі яр да Крыжа пакуты на магілах беларусаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, адбудуцца ў бліжэйшую нядзелю, 10 лістапада.

Як распавёў намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі, акцыя дазволеная Менгарвыканкамам:

– Можна прыходзіць, браць з сабой сцягі, знічкі, свечкі, кветкі, каб ушанаваць памяць нашых пакутнікаў. Лошыцкі яр лакальнае месца, у адрозненні ад Курапатаў там і пляцоўка невялікая. Гарвыканкам дазваляе, каб прысутнічала некалькі соцень людзей, таму калі ласка прыходзьце.

Не абмінуць удзельнікі акцыі і тэму агрэсіўнай расейскай палітыкі ды планаў Крамля па паглыбленню інтэграцыі з Беларуссю. Менавіта сусед з Усходу ў свой час праводзіў палітычныя рэпрэсіі на тэрыторыі Беларусаў, дадаў Юрась Беленькі:

– Па Рыжскай мірнай дамове 1921 года Усходняя Беларусь адышла да РСФСР. Яны прывезлі сюды свае войскі і пачалі рэалізоўваць сваю страшную акупацыйную палітыку – забівалі беларусаў па нейкіх прыдуманых прычынах. Фактычна гэта была палітыка генацыду адносна беларусаў. Там знаходзяцца людзі, якія былі забітыя ў выніку палітычных рэпрэсій.

Пачатак акцыі ў 12 гадзін, калі запланаваны збор удзельнікаў каля Менскага гарадскога палаца культуры, у 12 30 пачнецца шэсце, а з 13 да 15 гадзін запланаваны мітынг у Лошыцкім яры.

Беларускае Радыё Рацыя