Дэалкагалізацыя насельніцтва: ці патрэбна гэта дзяржаве?
Беларускія ўлады ізноў заклапочаны праблемай п’янства ў краіне. Чаму словы чыноўнікаў не падмацоўваюцца справамі? Аб гэтым распавядае сустаршыня аргкамітэту па стварэнні „Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Віталь Рымашэўскі.
Па словах віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка, кожны рубель, атрыманы ад продажу спіпртных напоеў, дае 10 рублёў стратаў. Ён дадаў, што агульнадзяржаўныя затраты, звязаныя з п’янствам і алкагалізмам, у 2013 годзе склалі 4,3% УВП краіны, а прыбытак ад рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў выглядзе акцызаў адзначаны на ўзроўні 1,4% УВП.
Між тым, за час праўлення Лукашэнкі ўжыванне алкаголю ў Беларусі ўзрасло ў 2 разы. Па звестках Сусветнай арганізацыі здравааховы, у 2014 годзе беларусы ўстанавілі сусветны антырэкорд – ужылі 17,5 літры чыстага спірту ў год на чалавека.
Віталь Рымашэўскі: Любая дзяржава зацікаўлена ў тым, каб яе народ не піў, але беларускія чыноўнікі ў гэтым плане праяўляюць малую зацікаўленасць. І, калі робяць нейкія крокі, то больш вымушана. Мы падавалі больш за 15 тысяч подпісаў у розныя міністэрствы, прапаноўвалі крокі па дэалкагалізацыі грамадства. І ў прыватных гутарках чыноўнікі казалі, што разумеюць праблему. Нават забаранілі рэкламу, дзе пад выглядам вады рэкламуецца гарэлка. Але на нейкія больш істотныя крокі ісці адмаўляюцца. Мы, напрыклад, прапаноўвалі, каб з гандлёвых залаў быў вынесены алкаголь. Праігнаравалі. Натуральна, што гэта вялізны прыбытак для тых жа ўласнікаў магазінаў. А можа яшчэ нешта кладзецца і ў кішэні тых чыноўнікаў, якія лабіруюць алкагольныя інтарэсы? Бо пра зацікаўленасць трэба меркаваць па дзеяннях. А дзеянняў вельмі мала.
РР: Адным словам, дзяржава блакуе многія антыалкагольныя ініцыятывы?
Віталь Рымашэўскі: Так, бо, паўтаруся, продаж алкаголю, – вялізны прыбытак. Сёняшні прыбытак і асабістая выгода для іх больш значныя, чым заўтрашні дзень і бяспека нацыі. Хоць усе пагаджаюцца, што ў доўгатэрміновай перспектыве – гэта безумоўныя страты. Тут размова ідзе і пра затраты на медыцыну, непрацаздольнасць людзей і гэдак далей. Але атрымоўваецца вось такое замкнёнае кола. Усе разумеюць наступствы, але, па сутнасці, усё застаецца на месцы. Дарэчы, на мінулым тыдні гарадскія ўлады забаранялі правядзенне канферэнцыі на антыалкагольную тэму, хоць яе ладзілі нават не палітычныя сілы, а грамадскія арганізацыі. Гатовы былі выступіць і медыкі, і святары… Мы, натуральна, спадзяемся, што нашы прапановы, якія грунтуюцца на досведу барацьбы з алкагалізацыяй у некаторых краінах Еўразвязу, будуць рэалізаваны чыноўнікамі. Пакуль жа яны гэта робяць вельмі неахвотна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя