Дэкрэт аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй набыў моц



Дэкрэт прэзідэнта № 3 аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй апублікаваны 11 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набыў моц.

Першым пунктам (усяго чатыры) дакумента ўстаноўлена, што „не падлягаюць прадстаўленню да ўмоўна-датэрміновага вызвалення або замены неадбытай часткi пакарання больш мяккiм пакараннем асобы, асуджаныя за ўчыненне карупцыйных злачынстваў”.

Да карупцыйных злачынстваў адносяцца „злачынствы, прадугледжаныя артыкулам 210, часткамі 2 і 3 артыкула 235 (пры ўчыненні згаданых злачынстваў службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў), артыкуламі 424, 425, часткамі 2 і 3 артыкула 426 (пры здзяйсненні названых злачынстваў з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці), артыкуламі 429—432, а таксама артыкулам 455 (пры ўчыненні названых злачынстваў з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці) Крымінальнага кодэкса”.

Артыкул 210 — „Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі” (максімальнае пакаранне — 12 гадоў пазбаўлення волі).

Артыкул 235 — „Легалізацыя („адмыванне”) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам” (да 10 гадоў пазбаўлення волі).

Артыкул 424 — „Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі” (да 10 гадоў).

Артыкул 425 — „Бяздзейнасць службовай асобы” (да 7 гадоў).

Артыкул 426 — „Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў” (да 10 гадоў).

Артыкул 429 — „Незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці” (да 5 гадоў).

Артыкул 430 — „Атрыманне хабару” (да 15 гадоў).

Артыкул 431 — „Дача хабару” (да 10 гадоў).

Артыкул 432 — „Пасрэдніцтва ў хабарніцтве” (да 7 гадоў).

Артыкул 455 — „Злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады” (да 12 гадоў).

Савету міністраў даручана ў трохмесячны тэрмін забяспечыць ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў праекта закона, які прадугледжвае прывядзенне Крымінальнага кодэкса ў адпаведнасць з дэкрэтам.

Да прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з дэкрэтам „акты заканадаўства, прынятыя да ўваходжання яго ў сілу, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць гэтаму дэкрэту”.

Дэкрэт з’яўляецца часовым і прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу.

Выступаючы 19 красавіка з пасланнем народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што грамадскі парадак у Беларусі забяспечваецца на належным узроўні, але працягвае існаваць „такая ганебная з’ява, як карупцыя”. „Наша заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй з’яўляецца адным з самых суровых у плане санкцый, якія ўжываюцца да парушальнікаў, — адзначыў афіцыйны лідар. — Праца па супрацьдзеянні карупцыйным праявам вядзецца на сістэмнай аснове, а яе вынікі максімальна адкрытыя. Але, як паказвае практыка, нягледзячы на найсур’ёзныя меры адказнасці, пакуль яшчэ не да ўсіх дайшла простая ісціна аб катэгарычнай недапушчальнасці хабарніцтва і казнакрадства. Пры гэтым маштаб выяўленых злачынных схем не можа не насцярожваць і патрабуе прыняцця дадатковых мер барацьбы з падобнымі дзеяннямі”.

Лукашэнка папярэдзіў, што ў выпадку ўчынення карупцыйных злачынстваў „даравання не будзе нікому”.

23 лістапада 2018 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу ён заявіў пра недапушчальнасць змякчэння адказнасці за карупцыйныя злачынствы. „Мы давядзем да кожнага на месцах патрабаванні прэзідэнта па барацьбе з карупцыяй і іншымі правапарушэннямі. А потым ад мяне дабра не шукайце”, — сказаў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка адзначыў, што ўбачыў шчыліну, калі карупцыянераў за хабар і іншыя правапарушэнні пазбаўляюць свабоды, а праз некаторы час выпускаюць на волю за добрыя паводзіны. „Гэтага больш не будзе”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Паводле яго слоў, на гэты конт ужо дадзеныя прамыя ўказанні: „За карупцыю толькі дадаваць будзем. Патрапілі ў турму на 20 гадоў — яшчэ 10 дадамо. Думайце, як жыць далей”.

belapan.by