Дэлегацыя польскага ІНП наведала Курапаты
Дэлегацыя польскага Інстытута нацыянальнай памяці (ІНП) 28–30 студзеня знаходзіцца з візітам у Беларусі.
Напярэдадні афіцыйных перамоў старшыня ІНП Яраслаў Шарэк і яго супрацоўнікі наведалі Курапаты і ўсклалі кветкі. Яраслаў Шарэк адзначыў, што Курапаты – гэта асаблівае месца. Ён заўважыў, што ў 1937-1941 гадах савецкая таталітарная сістэма забіла 100 тысяч чалавек, між іншым, беларусаў, палякаў, габрэяў і расейцаў.
“Большасць з іх, можна сказаць нават усе, былі невінаватыя. Палякі загінулі толькі таму, што былі палякамі”, – казаў Яраслаў Шарэк.
Дэлегацыя Інстытута нацыянальнай памяці сустрэнецца з прадстаўнікамі Інстытута гісторыі Акадэміі навук, гістарычнага факультэта БДУ і правядзе размовы з беларускім Міністэрствам замежных спраў.
Падчас сустрэчы прадстаўнікі беларускіх СМІ і гісторыкі пазнаёмяцца з будаваннем незалежнай Рэчы Паспалітай пасля перыяду падзелаў. На гэтую тэму прагучыць лекцыя Владзімежа Сулея.
Паводле ipn.gov.pl