Дэмакраты Слоніма падвялі вынікі дзейнасці за год
Актывісты Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл сабраліся на свой апошні сход у адыходзячым годзе, дзе падвялі вынікі дзейнасці за 2014 год.
Сябра БХД Іван Бедка спыніўся на тых добрых справах, якія сябрам згуртавання ўдалося ажыццявіць. Найперш, гэта палітычныя акцыі, грамадскія ініцыятывы, розныя кампаніі ў межах горада і раёна, культурныя мерапрыемствы.
У прыватнасці, спадар Бедка адзначыў, што ў верасні ў Слоніме была створана грамадская ініцыятыва “Народны кантроль” для вырашэння мясцовых праблемаў. Былі сабраны сярод слонімцаў сотні подпісаў і перададзены ў Слонімскі райвыканкам па паляпшэнню руху гарадскога транспарту, па добраўпарадкаванню дзіцячых пляцовак, рамонту жыллёвых будынкаў, у падтрымку кампаніі “Абаронім дзяцей ад алкагалізму” і г.д.
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл дапамагалі адстойваць свае правы вахцёрам інтэрнатаў ЖРЭА, якіх планавалі скараціць; работнікам камвольна-прадзільнай фабрыкі, якім недаплацілі заробак. На вытворчым участку “Слонім”, які ўваходзіць у ААТ “Шчучынскі масласырзавод”, дзе, пасля інвентарызацыі не далічыліся сыравіны і гатовай прадукцыі на суму каля 274 мільёнаў рублёў, адміністрацыя ААТ “Шчучынскі масласырзавод” прапанавала ўсім работнікам добраахвотна кампенсаваць страту. І гэту праблему вырашалі разам, каб страту завода не кампенсавалі рабочыя, якія ў ёй не вінаватыя.
Сябры згуртавання на працягу года правялі шэрах акцый па добраўпарадкаванню магіл і помнікаў знакамітых людзей Слонімшчыны, а таксама па іх ушанаванню. Слонімцы напісалі сотні пісем і паштовак палітвязням, наладзілі дзесяткі сустрэч на Слонімшчыне з палітыкамі, эканамістамі, юрыстамі, бардамі і літаратарамі.
Некалькі сяброў дэмакратычнага згуртавання мелі прыватную сустрэчу са старшынёй Слонімскага райвыканкама Алегам Таргонскім, дзе разам абмяркавалі шэраг праблемаў горада, старшыня райвыканкама выслухаў прапановы сяброў згуртавання і шляхі іх вырашэння.
Падчас сходу сябры згуртавання абралі сваіх каардынатараў на 2015 год. Імі сталі Іван Бедка, Віктар Марчык і Міхаіл Караткевіч. На сходзе было вырашана стварыць у Слоніме мясцовы грамадскі магістрат, куды будуць уваходзіць сябры згуртавання, іншыя слонімцы, а таксама чыноўнікі са Слонімскага райвыканкама. Заява і прапанова грамадзян Слоніма аб стварэнні грамадскага магістрата перададзена ў Слонімскі райвыканкам.
Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім
Фота аўтара.