Дэмакратычныя кандыдаты спалілі свае пасведчанні



Падчас «Сустрэчы свабодных людзей», якая адбылася ў Менску ўвечары 16 лістапада на плошчы Свабоды, а потым працягнулася на плошчы Незалежнасці, каля Цэнтрвыбаркаму, некалькі дэмакратычных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў заявілі, што здымаюць свае кандыдатуры і публічна спалілі пасведчанні кандыдатаў.

Адной з тых, хто заявіў аб сыходзе з выбараў, стала сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая:

– Зараз я здымаю з сябе ўсялякія паўнамоцтвы кандыдата ў дэпутаты з таго, што выбараў у нас няма, народ уладу не абірае ўжо 25 год. Мне сорамна за тую акруговую камісію і мясцовыя выбарчыя камісіі, якія хлусяць. Гэтыя людзі задзейнічаны ў масавай хлусні, у пазбаўленні беларусаў улады. І гэта дэманстратыўнае пазбаўленне ад пасведчання, якое з’яўляецца таксама проста адной з формаў падману народу. У нас няма шанцаў быць абранымі, народ пазбавілі права абіраць уладу.

Таксама заявіў аб сыходзе з выбараў і спаліў сваё пасведчанне Міхаіл Бандарэнка, які быў зарэгістраваны кандыдатам па Мазырскай выбарчай акрузе №42. Ён актывіст грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», вылучаны на выбары ад Партыі БНФ. Пасведчанні дэманстратыўна спалілі яшчэ некалькі былых кандыдатаў, сябраў «Еўрапейскай Беларусі», да гэтага знятых з выбараў – Вольга Мікалайчык, Арцём Чарняк, Зміцер Казлоў, Аксана Юшкевіч, а таксама іх давераныя асобы.

Беларускае Радыё Рацыя