Дэмакратычныя прафсаюзы збіраюць подпісы за павышэнне дапамогі па беспрацоўі



Асацыяцыя «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» (БКДП) збірае подпісы пад патрабаваннем павысіць дапамогу па беспрацоўі да прымальнага ўзроўню выжывання.

Збор подпісаў арганізаваны на сайце zvarot.by, які з`яўляецца афіцыйнай анлайн-пляцоўкай для звароту грамадзян у дзяржаўныя органы Беларусі.

У цяперашні час, адзначаюць у БКДП, беспрацоўныя ў Беларусі паводле закона могуць атрымліваць ад дзяржавы максімум дзве базавыя велічыні ў месяц — гэта 46 рублёў, аднак на практыцы дапамога меншая ў два разы. Паводле звестак Белстата, у студзені 2017 года яна склала ў сярэднім 21 рубель, або каля 16% ад мінімальнага заробку і 5% ад сярэдняй зарплаты па краіне.

Паводле даных Статкамітэта СНД, Беларусь займае апошняе месца сярод іншых краін СНД па памеры дзяржаўнай дапамогі па беспрацоўі, якая складае 12 долараў у эквіваленце. Для параўнання: у Азербайджане сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі ў лютым 2016 года складаў 166 долараў, у Малдове — 67 долараў, ва Украіне — 56 долараў, у Таджыкістане — 37 долараў.

„Рэспубліка Беларусь, абвяшчаючы сябе сацыяльнай дзяржавай, не можа забяспечыць нават самы мінімальны ўзровень сацыяльнага забеспячэння для грамадзян, якія трапілі ў цяжкае становішча ў сувязі са стратай працы, — падкрэсліваецца ў звароце. — Існуючая ў краіне сістэма абароны беспрацоўных носіць сімвалічны характар, не можа забяспечыць простае фізічнае выжыванне людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі”.

І гэта пры тым, што ў краіне нарастае няпоўная занятасць. Паводле звестак Мінпрацы і сацабароны, залішняя колькасць работнікаў на беларускіх прадпрыемствах складае каля 5% (па ацэнцы Еўразійскага банка развіцця — каля 20%). „Іншымі словамі, кожны пяты работнік на беларускіх прадпрыемствах — лішні. І гэтыя людзі з`яўляюцца патэнцыяльнымі беспрацоўнымі. У 2017 годзе, паводле прагнозу эканамістаў, з улікам безнадзейнага стану прадпрыемстваў і арганізацый краіны армія беспрацоўных можа быць папоўненая тысячамі грамадзян”, — гаворыцца ў звароце.

БКДП патрабуе ад улад:

— павысіць мінімальны памер дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту на душу насельніцтва;

— ўсталёўваць максімальны памер дапамогі па беспрацоўі ў працэнтных адносінах да сярэдняга заробку, вылічэнні за тры апошнія месяцы па апошнім месцы працы, не ніжэй за 50% страчанага заробку;

— выплачваць дапамогі па беспрацоўі грамадзянам, звольненым па любых падставах;

— выплачваць дапамогі па беспрацоўі часткова беспрацоўным грамадзянам, занятым няпоўны працоўны час;

— грамадзянам, якіх звольнілі пасля заканчэння тэрмінаў кантрактаў з-за нязгоды са зменай істотных умоў працы, выплачваць 100% дапамогі па беспрацоўі;

— павялічыць працягласць перыяду выплаты дапамог да 36 месяцаў.

Кампанія будзе доўжыцца па 30 верасня. Да гэтага часу БКДП разлічвае сабраць як мінімум тысячу подпісаў. Зварот будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Згодна з законам „Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб” ад 18 ліпеня 2011 года, калектыўны зварот падлягае абавязковаму разгляду. Адказ з дзяржорганаў павінен з`явіцца праз 15 дзён з часу рэгістрацыі звароту.

Збор подпісаў пачаўся 24 ліпеня. На сёння зварот падпісалі 133 чалавекі.

БелаПАН