Дэпартамент выканання пакаранняў адмовіўся даць інфармацыю пра здароўе Пачобута
Беларуская асацыяцыя журналістаў прасіла Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя і Дэпартамент выканання пакаранняў шпіталізаваць зняволенага журналіста Анджэя Пачобута, які ў турме захварэў на COVID-19, і да таго ж мае праблемы з сэрцам.
Кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў па Менску і Менскай вобласці адказала БАЖ, што «пакідае зварот без разгляду», бо аб’яднанне нібыта не мае паўнамоцтваў прадстаўляць інтарэсы журналіста. А вось Дэпартамент выканання пакаранняў адказаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, што звесткі пра стан здароўя пацыентаў з’яўляюцца «медычнай таямніцай». Таксама ДВП паведамляе, што «медычная дапамога спецкантынгенту ажыццяўляецца на падставе дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне аховы здароўя». Разам з тым Дэпартамент напісаў, што зняволены журналіст Анджэй Пачобут знаходзіцца пад «дынамічным наглядам» медыкаў папраўчай установы «Турма № 8» у Жодзіне.
Родныя Пачобута даведаліся пра хваробу журналіста некалькі тыдняў таму. Цяпер стан здароўя Анджэя Пачобута нібыта палепшыўся. Пасля лячэння і правядзення паўторнага тэсту яго мусяць вярнуць у агульную камеру.
Беларускае Радыё Рацыя