Дэпартаваным пашчасціла больш, чым пакінутым вязням



Трыццаць гадоў таму на старонках “Савецкай Беларусі” з’явілася невялічкае, але з вельмі гучнай назвай паведамленне “Пінскія Курапаты”. Карэспандэнт Антон Квір распавёў на ўсю краіну пра жудасныя падзеі на Піншчыне, якія адбыліся акурат перад нацысцкім уварваннем у Савецкі Саюз.

Тэкст нататкі прадстаўнікі грамадскасці і краязнаўцы назвалі недакладным, мякка кажучы, але факт публікацыі меў важнае значэнне. 

(…) Яшчэ адное месца крывавых сталінскіх рэпрэсій выяўлена на беларускай зямлі. У сасновым лесе каля Пінска захаваліся масавыя пахаванні зробленыя ў перадваенныя чэрвеньскія дні 1941 года. Мясцовыя жыхары сведчаць, што ахвяраў падвозілі да свежавыкапанай ямы на машынах з гарадской турмы. Рукі і ногі у ніх былі звязаныя дротам, рот заткнуты анучай. Тут жа пасля з’явіўся помнік з надпісам аб гібелі 53 камуністаў, але пазней ён быў знішчаны, як непатрэбны камусьці сведка. Цяпер трэба даведацца канкрэтныя прозвішчы загінулых і ўшанаваць іх памяць. Так аднагалосна лічыць мясцовая ўлада і грамадскасць, – такое вось паведамленне ад тады яшчэ друкаванага органа Кампартыі БССР. Спрэчкі выклікала сцвярджэнне, што нібы ахвяры – камуністы ды дагэтуль невядома, якім чынам дастаўлялі вязняў да месца пакарання. Прыцягненне ўлады да раскрыцця бальшавісцкіх злачынстваў таксама выглядала дзіўна.

Пра забітых у чэрвені 1941 года “ворагаў народа” ў лесе каля вёскі Вулька-Гарадзішчанская, што ў Пінскім раёне, першым даведаўся і распавёў шырокай аўдыторыі эколаг-краязнаўца, фатограф Аляксей Дуброўскі (1945-2011). Ён з 1980-х гадоў рабіў роварныя вандроўкі пад час якіх запісваў цікавыя аповяды людзей. Многія з іх Аляксей Мікалаевіч уключыў у сваю кнігу “Палігон”, там ёсць асобная глава прысвечаная сталінскім рэпрэсіям на Піншчыне “Закатаваныя ў засценках НКУС”. 

(…) Апытанне пачалі з вёскі Вулька – Гарадзішчанская. Кажа Сільвестр Ждан (у 1941 годзе яму было 16 гадоў): “У панядзелак 23 чэрвеня 1941 году некалькі мужчын з нашай вёскі, і я з імі, паехалі ў Парахонск на млын малоць зерне. Дарога ішла маладым лесам. Праехаўшы кіламетры чатыры, каля самай дарогі ўбачылі “свежую” яму. Падумалі, што выкапалі яе пінскія яўрэі, каб схаваць дабро (вайна ўжо пачалася). Вярнуліся назад 24 – га чэрвеня. Пад’язджаючы да ямы, выявілі добра замаскіраванае месца. Мужчыны старэйшыя раскінулі галінкі і пачалі рукамі раскопваць пясок. На глыбіні каля 30 сантыметраў былі трупы забітых. Хутка іх прысыпалі са страхам з’ехалі дадому”. 

На гэтым месцы аповяд перапыніўся, і разам са Жданам мы паехалі ў лес. Ён добра ведаў месца пахавання. Старонняму ж чалавеку выявіць яго немагчыма, тым больш выказаць здагадку, што ляжаць тут людзі. Магілу, хтосьці спрабаваў раскапаць, на паверхні ляжалі тры пазваночніка і косці рукі. 

Мясцовы жахар паказвае пахаванне ахвяр сталіністаў, фота з кнігі “Палігон”.

Старшыня мясцовага сельскага Савета Марыя Антонаўна Федарашка ўспамінае, што распавядалі ёй людзі: “20 чэрвеня 1941 гады ў Пінскім раёне праводзіліся чарговыя рэпрэсіі. У першую чаргу бралі мужчын, часам і жанчын са старэйшымі дзецьмі. Эшалон з “ворагамі народа” стаяў на станцыі Пінск да 22 чэрвеня і паспеў праскочыць пад нямецкімі бомбамі праз Лунінец, але сваякі пра гэта не ведалі”. Чуткі аб магіле ў лесе разыйшліся хутка па ўсіх вёсках і устрывожылі людзей. Многія да гэтага ўжо ведалі, чым займаецца НКУС ў сваіх засценках. Людзей да ямы падвозілі на машынах у ноч з 23 на 24 чэрвеня. Усе яны (53 чалавекі), верагодна, былі задушаныя або кінутыя ў яму яшчэ жывымі. Пры раскопках магілы 12 ліпеня 1941 года ахвяры былі ўсе ў аднолькавай ніжняй бялізне, толькі адзін у напаў вайсковай форме. Тады ж быў пастаўлены помнік…”

На Дзяды, 2-га лістапада 1991 года, неабыякавыя грамадзяне ўсталявалі на месцы злачынства вялікі драўляны крыж з шыльдаю: “Ахвярам сталінізму. Чэрвень 1941 года”. Удзельнік ушанавання памяці рэпрэсаваных, краязнаўца Эдвард Злобін адзначыў, што крыж асвяціў пробашч пінскага касцёла ксёндз Тадэвуш.

Тая самая шыльда на крыжы. Эксгумацыю зрабілі 12 ліпеня 1941 года, на ёй прысутнічалі: прадстаўнікі акупацыйнай адміністрацыі, лекары і вяскоўцы. Выявілася, што ахвяраў не растралялі, а закапалі жыўцом. Фота аўтара.

Літаральна ў апошнія суткі перад нападам гітлераўскай Нямеччыны на СССР з Пінска выехаў цягнік з дэпартаванымі пінчукамі – “антысавецкім элементам”. Сярод сотняў “пасажыраў” была сям’я Гэлены Шаламіцкай (1928-2020). Яна ўзгадвала, што эшалон па дарозе некалькі разоў абстрэльвалі з паветра. Было чуваць, як свісталі кулі і ў некалькі метрах рваліся снарады. Усе маліліся, каб толькі цягнік рушыў наперад, хай куды-небудзь, але не памерці. Выжылі і сапраўды былі радыя. Пазней, калі пані Гэлена вярнулася ў Пінск, зразумела, што лёс у чэрвені 1941 дараваў цуда двойчы. 

У пінскай турме заставаліся зняволеныя. Камусьці не хапіла месца ў цягніку, а кагосьці схапілі напярэдадні нацыскага ўварвання. Так, напрыклад, сталася з былым дырэктарам гарадскога музея. 19 чэрвеня 1941 года Дзмітрый Георгіеўскі накіраваўся ў Сташаны і Лагішын, што напоўнач ад Пінска з мэтаю пошуку артэфактаў. З экспедыцыі Георгіеўскі не вярнуўся. Ёсць звесткі, што 22 чэрвеня 1941 года яго арыштавалі органы НКУС, якія ўпершыя дні вайны праводзілі ліквідацыю “ненадзейнага элемента”. Але існуе і крыху іншая версія. Быццам бы ёсць сведкі, што навуковец паспеў 22 чэрвеня вярнуцца ў Пінск ды здаць камандзіроўку і толькі тады яго арыштавалі. У любым выпадку яго напаткала нелепшая доля. 

Крыж на месцы трагедыі ў Вульцы Гарадзішчанскай. Фота аўтара.

Разумеючы, што гітлераўскія войскі прасоўваюцца далей, вязняў пінскай турмы і тых, каго затрымвалі чэкісты, падзялілі на тры групы, каб нібы вывесці з Пінска. Адная група рушыла на поўдзень ад горада, праз вёску Плешчыцы. Уся група знікла ў 22-23 чыслах чэрвеня. Такі ж лёс нападкаў і калону, якую этапавалі праз Лагішын – зніклі без вестак. Дакладна вядома пра трэцюю групу, што дайшла да Вулькі-Гарадзішчанскай.

Даследчык пінскай даўніны Эдвард Злобін мяркуе, што тры калоны мелі прыблізна аднолькавую колькасць. На ягоную думку, гэта была спланаваная акцыя па ліквідацыі вязняў і дзве групы наўпрост загналі ў балота, бо была такая магчымасць па дарозе на Лагішын і за вёскай Плешчыцы, а вось у Вульцы-Гарадзішчанскай давялося шукаць іншы варыянт – закапалі звязаных ахвяр жыўцом. 

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя.