Дэпутат адварочваўся, калі паказвалі збітых АМАПам навапалачан
У Наваполацку адбылася сустрэча з дэпутатам Парламента Дзянісам Карасём. На яе прыйшлі каля 200 выбаршчыкаў , а ўвогуле тых, хто паставіў подпіс сустрэчу з дэпутатам, было 360 чалавек. У невялікай залі бракавала месцаў, і людзям давялося стаяць амаль паўтары гадзіны.
Людзі сабраліся, каб распытаць дэпутата пра ягоную працу і пра стаўленне да мінулых прэзідэнцкіх выбараў : ці лічыць ён праўдзівымі афіцыйныя вынікі галасавання , і як ставіцца да праяваў міліцэйскага гвалту ў наступныя пасля выбараў дні. Паводле Вольгі Дамаскінай, актывісткі руху “За свабоду” і суперніцы Дзяніса Карася на мінулых парламенцкіх выбарах, дэпутат не прызнаў ні факты фальсіфікацый падчас выбараў, ні факты перавышэння паўнамоцтваў сілавымі структурамі:
– Праз праектар паказалі відэа, знятае ў нашым горадзе, – як збівалі чалавека, якія раненні атрымаў хлопец ад светлашумавых гранат, выказвалася жанчына, якую ўдарылі дубінкай у грудзі, і яна дагэтуль вымушана лячыцца… Калі паказвалі гэта, дэпутат нават не хацеў глядзець, адварочваўся, і людзі казалі яму: “Не, вы глядзіце! Глядзіце, як было!”
Дэпутат не прызнаў фактаў міліцэйскага гвалту, заявіўшы, што міліцыянты супрацьстаялі правакатарам і нецвярозым хуліганам. Прысутныя абурыліся ягонымі словамі, і выкладчыца Алена Гурчонак выказала меркаванне, Дзяніс Карась не выканаў свае дэпутацкія абавязкі перад выбаршчыкамі:
– Тая сітуацыя, якая складалася 9-га і 10-га жніўня, была прадказальнай. Нельга было дапускаць фальсіфікацый і парушэнняў заканадаўства! Ці не падаецца вам, дэпутат, што вы не справіліся са сваімі абавязкамі? Што вы зрабілі, каб не было сацыяльнага выбуху?
На думку прысутных, канкрэтных адказаў на свае пытанні яны не атрымалі. Некаторыя пытанні ўвогуле засталіся без адказу, і выбаршчыкі перадалі іх дэпутату ў пісьмовым выглядзе. Яны будуць чакаць адказаў на іх у публічнай прасторы – у сродках масавай інфармацыі і на афіцыйных сайтах. І збіраюцца рыхтаваць дакументы для адклікання дэпутата.
Вольга Дамаскіна
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск